Памежнікаў, якія "здавалі мяжу ў арэнду", асудзілі на тры гады

Суд Гродзенскага раёна асудзіў двух памежнікаў за злоўжыванне ўладай і атрыманне хабару.

Як піша "Вечерний Гродно", памежнікі з заставы "Сонічы" дамовіліся са сваім знаёмым, што дапамогуць яму нелегальна даставіць цыгарэты ў Літву. Яны паведамлялі кантрабандысту, у які час і дзе знаходзяцца памежныя нарады, каб ён мог спакойна перабрацца праз мяжу з нелегальнымі цыгарэтамі.

За паслугі адзін з памежнікаў атрымаў хабар пяць разоў на агульную суму 490 долараў, а другі — 100 долараў. Інфармацыю кантрабандысту памежнікі перадавалі з дапамогай эсэмэсак.

Колькі менавіта цыгарэт кантрабандыст пераправіў праз мяжу такім чынам, невядома. Але паведамляецца, што ў месцы меркаванага пераходу знайшлі тэлефон, закапаны ў мох, з дапамогай якога перадавалі паведамленні.

Суд прызначыў аднаму з памежнікаў тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, другому — тры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Першага пазбавілі воінскага звання старшыны запасу, а другога — "прапаршчык". Кантрабандыста з Гродзенскага раёна прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Ён быў абвінавачанны толькі ў даванні хабару, бо доказаў, што ён пераходзіў мяжу, не выявілі.

Асуджаным ад 27 да 36 гадоў. Яны жанатыя, у іх ёсць маленькія дзеці, жонкі памежнікаў цяжарныя.

Прысуд набыў законную моц.

Фота — logisticgroup.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі