Памежнікі не пусцілі праз мяжу беларусаў з парванымі пашпартамі
5 чэрвеня ў пункце пропуску "Макраны" на мяжы з Украінай брэсцкія памежнікі не выпусцілі з Беларусі мужа і жонку, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Жыхары Гродзенскай вобласці ехалі праз мяжу на "Аўдзі". У іх пашпартах старонкі былі адарваныя ад вокладкі і прымацаваныя скотчам. Муж і жонка патлумачылі, што іх дакументы парвалі дзеці. Выправіць сітуацыю яны вырашылі клейкай стужкай.
Дарэчы, праз некалькі гадзін у тым самым пункце пропуску 44-гадовы жыхар Драгічынскага раёна таксама падаў памежнікам несапраўдны пашпарт. Усе старонкі ў дакуменце былі разарваныя пасярэдзіне і змацаваныя клеем.
Памежнікі забралі пашпарты і вынеслі папярэджанні парушальнікам.