Памежны камітэт: Замежныя зоркі праязджаюць мяжу без праблем

Def Lepard не выступяць у Мінску 15 траўня. Як і Браян Адамс, брытанскія рокеры адмянілі прыезд у Беларусь “па лагістычных праблемах”. Адамса, напрыклад, напалохала літоўска-беларуская мяжа і пераезд праз яе. Аднак з гэтай нагоды замежным зоркам можна не хвалявацца: арганізатары звычайна вырашаюць праблему праезду мяжы разам з Памежным камітэтам. Пра гэта расказвае ў каментары Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы камітэта Аляксандр Цішчанка:

“Мы выдатна разумеем, што ёсць пэўны графік, і ён можа быць не вытрыманы праз праблемы з чэргамі. Мы дапамагаем: прымаецца рашэнне пра пазачарговы ўезд музыкаў у пункт пропуску. Уезд грузавікоў з абсталяваннем таксама вырашальны: мы іх таксама запускаем без чаргі. То бок ёсць алгарытм, прапрацаваны нарматыўна, які дазваляе гэтыя пытанні вырашаць. Наўрад ці адмена канцэртаў звязаная з лагістычнымі пытаннямі. Усё залежыць ад арганізатараў”.

Def Leppard адмянілі канцэрт у Мінску

Арганізатары канцэрта Def Lepard пакуль не ведаюць, што за “лагістычныя цяжкасці” прымусілі славутых музыкаў адмовіцца ад паездкі ў Беларусь: маўляў, з візамі праблемаў у гурта не было, квіткі на канцэрт прадаваліся някепска. Цяпер кампанія “Атам Інтэртэймант”, між іншым, адзін з найбуйнейшых і найбольш дасведчаных гульцоў на канцэртным рынку Беларусі, чакае афіцыйнага адказу ад менеджменту Def Lepard.

Нагадаем, еўрапейская частка туру Def Lepard мусіла пачацца ў Мінску 15 траўня. Цяпер турнэ стартуе ў Вільні 17 траўня. Квіткі, набытыя ў білетных аператараў, мінчукі могуць здаць з 27 красавіка да 30 траўня.

Фота: www.styxworld.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі