Памочнік Дзяржсакратара ЗША: Дзверы для Беларусі адчыненыя
Томас Меліа распавядае Еўрарадыё пра патэнцыял Беларусі, неабходнасць еўраінтэграцыі і пра тое, што ЗША чакаюць ад нашай краіны.
З 23 верасня па 4 кастрычніка ў Варшаве адбываецца канферэнцыя АБСЕ. Еўрарадыё пагутарыла з адным з яе ўдзельнікаў, памочнікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека Томасам Меліа.
Еўрарадыё: Як вы думаеце, у якім стане цяпер дэмакратыя і сітуацыя з правамі чалавека у Беларусі?
Томас Меліа: Верагодна, выкарыстоўванне жорсткіх мераў пасля прэзідэнцкіх выбараў амаль тры гады таму падкрэсліла складанасці, якія маюць беларусы пры прадстаўленні альтэрнатыўных палітычных праграм. Вы ведаеце, былі пэўныя спадзяванні перад выбарамі на больш адкрыты працэс. Але мірны пратэст прывёў да жорсткага разгону і затрымання многіх людзей. І дагэтуль застаецца невялікая колькасць асуджаных, якіх еўрапейцы лічаць палітычнымі вязнямі. І перад тым як Беларусь вернецца на шлях дэмакратыі, мы спадзяемся, што гэтыя людзі будуць вызваленыя і захаваюць усе палітычныя правы, змогуць зноў удзельнічаць у публічнай палітыцы. Мы спадзяемся, што ў Беларусі адбудзецца так, што людзі змогуць абмяркоўваць розныя пытанні і рухацца ў бок еўрапейскіх палітычных стандартаў.
Еўрарадыё: Чаму ўвогуле Беларусь цікавая для Дзярждэпартамента ЗША?
Томас Меліа: Беларусь цяпер знаходзіцца на мяжы ЕС. Гэта важная краіна з 10 мільёнамі жыхароў, якая можа і мусіць быць лепш інтэгравана ў еўрапейскую эканамічную і палітычную структуру. Я лічу, што ЗША — незвычайная і ў пэўным сэнсе ўнікальная краіна, бо мы маем палітыку і партнёрства ў дачыненні да кожнай краіны свету. Беларусь мае патэнцыял, каб быць моцным партнёрам. І мы хацелі б, каб так і было. Мы хацелі б рабіць больш з Беларуссю. Але тры гады мы не маем магчымасцяў развіваць партнёрства, бо ў Беларусі адсутнічае палітычны прагрэс.
Еўрарадыё: Як вы ведаеце, у 2015 годзе ў Беларусі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары. Ці ёсць планы неяк падтрымаць беларускую апазіцыю і грамадзянскую супольнасць?
Томас Меліа: Мы падтрымліваем працэс і не вызначаем пераможцаў і тых, хто прайграе на выбарах. Мы хочам, каб усталяваўся адкрыты працэс, у якім грамадзяне Беларусі змогуць выбраць, хто будзе прэзідэнтам.
Еўрарадыё: А як вы лічыце, ці ў стане беларуская апазіцыя і грамадзянская супольнасць нешта змяніць у краіне?
Томас Меліа: Дзверы адчыненыя для добрага эканамічнага супрацоўніцтва альбо супрацоўніцтва паміж інстытуцыямі. І мы спадзяемся, што Беларусь зробіць крок у бок адчыненых дзвярэй. Гэта патрабуе пэўных палітычных зменаў, каб зрабіць краіну больш вольнай і адкрытай. Я думаю, што Беларусь знойдзе шмат сяброў і партнёраў, якія будуць адкрыта з ёй супрацоўнічаць.
Еўрарадыё: Апошнім часам Малдова і Украіна, якія імкнуцца да большай інтэграцыі з ЕС, сутыкнуліся з ціскам з боку Расіі. У той час Беларусь мае з Расіяй яшчэ больш цесныя стасункі. Што вы думаеце пра гэта?
Томас Меліа: Усходняе партнёрства — важная аснова для таго, каб 6 краін ля межаў ЕС маглі праводзіць большую інтэграцыю. Мы падтрымліваем гэтыя краіны і хочам, каб усе 6 краінаў, у тым ліку Беларусь, атрымалі перавагі, адкрываючыся для Еўропы. І мы спадзяемся, што так і будзе адбывацца. Мы спадзяемся, што на Віленскім саміце Украіна зможа зрабіць крок у бок падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. А Малдова і Грузія таксама наблізяцца да гэтага. І я хачу нагадаць, што беларускі ўрад таксама мае такую магчымасць. Магчыма, падчас наступных самітаў.
Еўрарадыё: Але некаторыя лічаць, што за ўвесь час знаходжання ва Усходнім партнёрстве Беларусь не зрабіла ніякага прагрэсу.
Томас Меліа: Гэта цалкам у руках беларускага ўрада, які можа рухацца такім жа шляхам, як Украіна, Малдова і іншыя. Зноў жа: дзверы адчыненыя. Я думаю, што выбар зразумелы: стасункі з ЕС — стасункі роўных партнёраў, і яны якасна адрозніваюцца ад стасункаў з Расіяй і Мытным саюзам.
Фота: osce.usmission.gov