Памёр былы кубінскі лідар Фідэль Кастра

Памёр былы кубінскі лідар Фідэль Кастра

Былы лідар Кубы Фідэль Кастра памёр на 91-м годзе жыцця. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання паведаміў яго брат, цяперашні прэзідэнт Кубы Рауль Кастра. Ён распавёў, што яго старэйшы брат памёр у пятніцу а сёмай вечара паводле мясцовага часу. Таксама ён адзначыў, што правадыр Кубінскай рэвалюцыі яшчэ пры жыцці прасіў, каб яго крэміравалі пасля смерці. Цырымонія крэмацыі пройдзе ў суботу раніцай, паведамляе ВВС.

Фідэль Кастра кіраваў Кубай амаль 50 гадоў. У 2008 годзе ён перадаў паўнамоцтвы свайму брату Раулю, аднак фактычна адышоў ад справаў яшчэ за два гады да гэтага. У 2013 годзе Кастра распавёў, што прыняў гэтае рашэнне пасля таго, як лекары знайшлі ў яго смяротную хваробу страўніка.

Апошнім разам камандантэ з’яўляўся на публіцы ў дзень свайго 90-гадовага юбілею сёлета, 13 жніўня.

Фідэль Кастра паходзіў з сям’і іспанскага імігранта і нарадзіўся ў бедным занядбаным гарадку Біран. Адукацыю атрымаў у езуіцкіх школе і каледжы, затым працягнуў вучобу на юрыдычным факультэце Гаванскага ўніверсітэта. Падчас свайго студэнцтва распачаў палітычную дзейнасць. У 1950-х гадах ён ачоліў паўстанскую армію, з якой у 1959 годзе захапіў уладу. Пазней ён стаў прэм’ер-міністрам Кубы.

Пад кіраваннем камандантэ Куба стала закрытай, аўтарытарнай краінай, якая абрала сацыялістычную мадэль развіцця па прыкладзе СССР. Эканоміка цалкам кіравалася дзяржавай, а ў сацыяльна-палітычнай сферы падаўлялася іншадумства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі