Памёр хросны бацька хаўc-музыкі Фрэнкі Наклз
Смерць 59-гадовага амерыканскага дыджэя і прадзюсара стала сумнай і нечаканай навіной 1 красавіка.
1 красавіка людзям, якія хоць нейкім чынам звязаныя з танцавальнай электроннай музыкай, не да жартаў. Яны шакаваныя і ўзбуджаныя навіной пра смерць Фрэнкі Наклза (Frankie Knuckles), 59-гадовага дыджэя і прадзюсара з Чыкага, якога называюць легендай хаўс-музыкі.
“Фрэнкі Наклз – гэта не проста легенда. Гэта ў прамым сэнсе бацька чыкагскага хаўсу, першаадкрыальнік і заснавальнік гэтага стылю. А чыкагскі хаўс паўплываў на ўсю сучасную хаўс-музыку і нават тэхна. Гэта сапраўды вельмі сур’ёзная страта", – кажа Еўрарадыё беларускі дыджэй I.F.U. Аляксей Кутузаў, які таксама грае хаўс і смуткуе з нагоды смерці дыджэя, які паўплываў і на ягоную творчасць.
Фрэнкі Наклз выпусціў вельмі шмат рэлізаў за сваё жыццё, пісаў рэміксы на Уітні Х'юстан, Майкла Джэксана і Depeche Mode. Адзін з самых вядомых ягоных трэкаў – “Your love".
“Музыка Фрэнкі Наклза сапраўды вельмі пазнавальная, але, магчыма, не ўсе ведаюць ягонае імя, – дадае Аляксей. – Але гэта заўсёды так бывае ў электроннай музыцы: музыку ведаюць, а хто яе напісаў – не”.
Адзначым, што 59-гадовы дыджэй вёў актыўнае музычнае жыццё і не спыняў выступленняў. Летам ён мусіў граць у якасці хэдлайнера на еўрапейскіх музычных фестывалях. Адзін з апошніх ягоных сэтаў запісаны на Resident Advisor у кастрычніку мінулага года.
Дыджэі ўсяго свету сёння пачалі рабіць трыб'юты на творчасць Фрэнкі Наклза, але беларускія электронныя музыкі пакуль маўчаць.
“Да нас гэтая навіна яшчэ не асабліва дайшла. Усё ж, у нас вельмі шмат маладых дыджэяў, якія не закранулі ўсю класіку 80-х, 90-х, таго ж Фрэнкі Наклза. Так што я не думаю, што ўсе электронныя музыкі спахопяцца і пачнуць рабіць рэміксы на яго творчасць, – тлумачыць I.F.U. – Але, спадзяюся, што хаця б тыя дыджэі, хто звязаны з хаўс-музыкай, узгадаюць лішні раз ягоную творчасць і пераслухаюць дыскаграфію гэтага вялікага артыста”.
Фота: www.factmag.com