Памёр кампазітар Андрэй Мдзівані — аўтар балета "Жарсці (Рагнеда)"
Памёр народны артыст Беларусі кампазітар Андрэй Мдзівані. Пра гэта піша "СБ. Беларусь сегодня" са спасылкай на яго ўдаву — музыказнаўцу Таццяну Мдзівані.
"Сышоў выдатны кампазітар-сімфаніст, які пакінуў нязгасны след у беларускай музыцы. Інтэлігентны, далікатны, тонкі чалавек, усёй душой падтрымліваў творчасць маладых беларускіх кампазітараў. Яго вылучала найшырэйшая творчая амплітуда, ён многае ведаў, многае мог падказаць", — сказала старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч.
Андрэй Мдзівані нарадзіўся 1 кастрычніка 1937 года ў Тбілісі. Сярэднюю школу скончыў у Віцебску, музычную вучэльню — у Смаленску. У 1964 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў клас прафесара Анатоля Багатырова.
Мдзівані — аўтар вядомага балета "Жарсці (Рагнеда)", балета "Данка", оперы "Маленькі прынц", а таксама мюзіклаў, сіфоній, вакальна-інструментальных твораў (у тым ліку на словы Янкі Купалы, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Танка), песень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.