Памёр пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка

Памёр пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка

На 54-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка. Як паведамляе Радыё Рацыя, прычынай смерці стаў цяжкі інфаркт, які ён перанёс у канцы кастрычніка. Гэта здарылася ў Беластоку, куды пісьменнік прыехаў па справах. 29 кастрычніка яго знайшлі непрытомным у пакоі гатэля, дзе Ахроменка спыніўся.

Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Пачынаў як музыка — вучыўся ў спецыяльнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе фартэпіяна, у Гомельскай музычнай вучэльні, а затым у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

Пасля атрымання адукацыі непрацяглы час працаваў выкладчыкам у музычнай школе ў Лоеве, а затым пачаў спрабаваць сябе ў журналістыцы і пісьменніцтве. Быў карэспандэнтам часопіса “Крыніца”, рэдактарам аддзела часопіса “Бярозка”, адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты “Культура”. У сярэдзіне 1990-х стаў супрацоўнічаць з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі як пісьменнік і сцэнарыст. Выдаў пад псеўданімамі каля 200 камерцыйных раманаў і кінасцэнарыяў. Жыў у Чарнігаве і ў Мінску.

Пісаў вострасюжэтныя творы ў папулярных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя. У суаўтарстве з Максімам Клімковічам напісаў кнігу прозы “Здані і пачвары Беларусі” (пад псеўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), кінараман “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве”, а таксама “Праўдзівую гісторыю Кацапа, Хахла і Бульбаша”.

Ахроменка таксама напісаў кнігі “Тэорыя змовы”, “Музы і свінні”, п’есы “Русалка Камсамольскага возера” (у суаўтарстве з Максімам Клімковічам). Апавяданні, навелы, эсэ Уладзіслава Ахроменкі друкаваліся ў калектыўных зборніках, альманахах і часопісах. Творы перакладзены на ўкраінскую, чэшскую, рускую і польскую мовы. Лаўрэат нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў (Мінск, 1977, 1-я прэмія).


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі