Памёр праз праблемы з сэрцам: што кажуць у СК родным загінулых на пратэстах
Народны мемарыял Аляксандра Тарайкоўскага каля метро "Пушкінская" ў Мінску / Еўрарадыё
Падчас жнівеньскіх пратэстаў стала вядома пра тры смерці, звязаныя з пратэстнымі акцыямі. У Мінску 10 жніўня загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Яго смяротна паранілі каля станцыі метро "Пушкінская". У Берасці 11 жніўня агнястрэльнае раненне ў галаву атрымаў Генадзь Шутаў, праз 8 дзён ён памёр у вайсковым шпіталі.
"Мой сын не памёр, мой сын загінуў ні за што", — плакала Святлана Віхор у жніўні на пахаванні сына Аляксандра. Яго затрымалі ў Гомелі 9 жніўня, калі ён ехаў да дзяўчыны.
Усе тры сям'і звярталіся ў СК з просьбай завесці крымінальныя справы па артыкуле "Забойства". Адказ пакуль атрымалі толькі родныя Генадзя Шутава, паведамляе TUT.BY.
"Прававая ацэнка дзеянняў асоб, якія маюць дачыненне да прычынення цялесных пашкоджанняў Шутава, будзе дадзеная падчас расследавання крымінальнай справы. У цяперашні час дастатковых падстаў для завядзення крымінальнай справы па арт. 139 КК (Забойства) няма", — гаворыцца ў дакуменце, які атрымала сям'я з Цэнтральнага апарата Следчага камітэта.
Пра тое, чым скончылася праверка па факце гібелі мінчаніна Тарайкоўскага, інфармацыі няма. Хоць тры месяцы, адведзеныя следству на праверку, прайшлі. Адвакат сям'і так і не змагла атрымаць хоць які-небудзь афіцыйны адказ з СК, пра гэта яна распавяла Еўрарадыё. У выніку ні юрысты, ні сям'я не могуць пазнаёміцца з матэрыяламі праверкі.
ВІДЭА 18+
Праверка па справе гамяльчаніна Аляксандра Віхора пакуль прыпыненая — да атрымання вынікаў дадатковай судова-медыцынскай экспертызы, якую буду праводзіць у Мінску. Гомельская экспертыза паказала, што Аляксандра білі, але памёр ён праз праблемы з сэрцам.
"Эксперты апісваюць у Сашы пераломы рэбраў, грудзіны, гематомы і потым указваюць, што дадзеныя пашкоджанні не знаходзяцца ў прычынна-выніковай сувязі са смерцю. Нібыта рэбры яму зламалі падчас рэанімацыйных мерапрыемстваў, мы можам гэта дапусціць, мы ж не медыкі, таму паказалі перапісаную экспертызу спецыялістам. Іх збянтэжыла, што пры масажы сэрца былі зламаныя рэбры, якія знаходзяцца бліжэй да паясніцы", — кажуць родныя Аляксандра.
Яны пыталіся следчага, ці магло сэрца не вытрымаць праз болевы шок.
"Следчы адказаў: "Так, білі. Але ў нас у краіне міліцыі дазволена ўжываць фізічную сілу, выкарыстоўваць кайданкі і зброю ў пэўных умовах. Мы разбіраемся: яны перавысілі службовыя паўнамоцтвы або не". Гэта якія "пэўныя ўмовы", калі чалавек ужо пад вартай?" — не могуць знайсці адказу родныя Аляксандра Віхора.
З пачатку пратэстаў у Беларусі за ўдзел у іх было затрымана больш за 17 тысяч чалавек. Затрыманых у жніўні ў першыя дні пасля выбараў жорстка збівалі. У пачатку верасня Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека выпусціў прэс-рэліз, у якім гаварылася што ААН вядома пра 450 выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.