Памёр вядомы гісторык-эмігрант Янка Запруднік
У ЗША на 96-м годзе памёр вядомы гісторык-эмігрант Янка Запруднік.
Сапраўднае імя Запрудніка — Сяргей Вільчыцкі. Ён нарадзіўся 9 жніўня 1926 года ў Міры. Падчас вайны ўступіў у Саюз беларускай моладзі і ўлетку 1944 года быў вымушаны пакінуць Беларусь. Пасля вайны змяніў імя на Янка Запруднік.
Запруднік быў актывістам беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, ЗША. Ад верасня 1954 года працаваў у беларускай секцыі Радыё "Свабода" (спярша яно называлася "Радыё Вызваленне").
У 1969 годзе ў Нью-Ёркскім універсітэце Запруднік абараніў дысертацыю на тэму "Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906-1917 гг.)" і атрымаў ступень доктара гісторыі. Выкладаў гісторыю Расіі ды СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёркскага ўніверсітэта.
Запруднік быў не толькі аўтарам шматлікіх публікацый па гісторыі Беларусі, але і рэдактарам газеты "Беларус", якая выходзіла ў 1980—1995 гадах.
"Агулам пакоі жытла Запруднікаў можна было аглядаць як музей. Зацікаўленыя ва ўсім беларускім, яны збіралі карціны нашых мастакоў, вырабы беларускіх рамёстваў. А цэлы ніжні паверх быў заняты кнігамі, дакументамі, стужкамі з запісамі беларускіх радыёперадачаў — усё гэта выглядала сапраўдным Кландайкам для даследчыцы эміграцыі. І ва ўсім быў парадак. Спадар Янка праз усё жыццё збіраў вельмі розныя архіўныя матэрыялы. Прыкладам, у яго была вялікая, сістэматызаваная па гадах калекцыя выразак з замежных газетаў з публікацыямі пра Беларусь (гадоў ад 1960-х да пачатку 1990-х хіба). Для сваёй дзейнасці на радыё “Свабода” ён складаў у паасобныя тэчкі матэрыялы пра дзеячаў беларускай культуры як метрапольных, гэтак і эміграцыйных: публікацыі, лісты, даведкі, інтэрв’ю і г.д. І сёння гэтыя тэчкі — каштоўныя крыніцы інфармацыі для даследчыкаў", — піша даследчыца Наталля Гардзіенка.
Частка архіваў Запрудніка перададзеная ў Беларусь, частка — захоўваецца ў ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.