Янка Запруднік: Людзі трымаюць на паверхні жыцця
Аднаму з самых важных прадстаўнікоў беларускай эміграцыі споўнілася 85. Спадар Янка распавядае Еўрарадыё пра жыццё.
110809 Zaprudnik_site.mp3110809 Zaprudnik_site.mp3
Еўрарадыё: Большую частку жыцця вы правялі па-за межамі Беларусі. Сёння Беларусь перажывае нялёгкія часы, якія паспрыялі з’яўленню новай хвалі эміграцыі. Як застацца беларусам і на чужыне?
Запруднік: “Чалавек як асоба фармуецца да ўзросту 17-18 год. І калі ён пакідае Радзіму ўжо сфармаваным, родная зямля застанецца для яго адзінай. Дарэчы, я пакідаў Беларусь прыкладна ў такім жа самым узросце, і для мяне краіна маіх бацькоў, майго дзяцінства засталася адзінай роднай. Безумоўна, сярод эмігрантаў ёсць і выключэнні: некаторыя людзі, незалежна ад узросту, выязжаюць за мяжу і забываюцца пра свае карані. Але, як некалі казаў наш паэт Масей Сяднёў: “Каб ведаць куды ісці, трэба ведаць адкуль прыйшоў”. Я заўжды памятаў адкуль паходзіў, і гэтая памяць дапамагала мне жыць і працаваць”.
Еўрарадыё: Якая яна, “беларуская” Амерыка?
Запруднік: “Амерыканская нацыя складаецца з прадстаўнікоў розных этнасаў, у тым ліку і з беларускага. Кожны, хто сюды прыязжае, мае ўсе магчымасці заставацца верным сваім караням і працаваць на карысць як сваёй новай, так і старой Бацькаўшчыны. Беларусаў тут вельмі шмат, прыязжаюць новыя эмігранты. Безумоўна, розніца паміж імі і старымі перасяленцамі з Беларусі вялікая, тым не менш, агульная беларуская сям’я ў Амерыцы існуе, карыстаецца свабодай і дабрабытам гэтай краіны”.
Еўрарадыё: У вас шмат псеўданімаў: Янка Запруднік, Сяргей Ясень, Аркадзь Будзіч, Рыгор Ліцвін… Чаму іх так шмат?
Запруднік: “Я мяняў іх, бо на Бацькаўшчыне ў мяне засталася сям’я, маці, а я сваёй творчасцю змагаўся з савецкай прапагандай і дыктатурай. Гэта была асноўная прычына. Імя Янка Запруднік я змушаны быў узяць пасля вайны незалежна ад майго жадання. Так склаліся абставіны”.
Еўрарадыё: Сёння ў вас дзень народзінаў, вы атрымаеце шмат падарункаў. Які падарунак быў бы для вас самым дарагім?
Запруднік: “Кантакт з людзьмі, з сябрамі, з супрацоўнікамі, са знаёмымі. Бо менавіта гэта тое, што трымае нас на паверхні жыцця”.