У Беларусі завочна асуджаны заснавальнік клінікі "Новы зрок"
Алег Каўрыгін
У Беларусі завочна асуджаны на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 400 тысяч рублёў штрафу заснавальнік клінікі "Новы зрок" Алег Каўрыгін. Раней ён з'ехаў за мяжу, і яго справу разглядалі ў рамках так званай "спецвытворчасці". Генпракуратура падкрэслівае, што Каўрыгіна судзілі не толькі за яго "эканамічную дзейнасць", але і за "экстрэмізм". Таксама ў кошт "пакрыцця шкоды, нанесенай нявыплатай падатку на прыбытак па пазове намесніка генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь" з Каўрыгіна ў даход дзяржавы спагналі больш за 3 мільёны рублёў.
Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Алега Каўрыгіна прызналі вінаватым па дзевяці артыкулах КК: "ухіленне ад выплаты падаткаў", "арганізацыя па ўхіленні ад абавязкаў падатковага агента", "арганізацыя падатковага махлярства", "распальванне грамадскай варожасці", "заклікі да санкцый", "дыскрэдытацыя Беларусі", "спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці" і г. д.
Крымінальную справу супраць Каўрыгіна распачалі вясной 2023-га. Тады ў Камітэце дзяржкантролю сцвярджалі, што Дэпартаменту фінансавых расследаванняў вядомыя факты выплаты заробкаў "у канвертах". А перад гэтым клініку "Новы зрок" абвінавацілі ў працяглай працы без ліцэнзіі — аж з 2011 года (пры гэтым Мінздароўя забрала ў яе ліцэнзію толькі ў ліпені 2023-га).
Галоўны бухгалтар медцэнтра быў прызнаны вінаватым "ва ўхіленні ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў" і "ва ўхіленні ад выплаты страхавых унёскаў у асабліва буйным памеры". Намеснікі дырэктара і галоўная медыцынская сястра прызнаныя вінаватымі ў "дапамаганні гэтым злачынствам". Ім прызначана ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Іх аштрафавалі — ад 24 тысяч да 40 тысяч рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.