Памёр заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса Playboy
У ЗША ў Лос-Анджэлесе памёр заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса Playboy Х’ю Хефнер. Яму быў 91 год. Як адзначае “Бі-Бі-Сі”, смерць наступіла не з-за хваробы, а з натуральных прычын.
Адзін з самых вядомых у свеце брэндаў Хефнер заснаваў у 1953 годзе. На вокладцы першага нумару часопіса ў рубрыцы “Дзяўчына месяца” знялася Мэрылін Манро. Неўзабаве Playboy стаў самым папулярным у свеце часопісам для мужчын (у 1970-я наклад дасягаў 7 млн асобнікаў, у апошнія гады ён складаў каля 800 тысяч). 15 гадоў таму ў адным з інтэрв’ю Х’ю Хефнер гаварыў: “Я ніколі не лічыў Playboy часопісам пра сэкс. Для мяне ён заўсёды быў часопісам пра лад жыцця, у якім сэкс з’яўляецца важным складнікам”. Побач з фота аголеных мадэляў на старонках выдання выходзілі сур’ёзныя інтэрв’ю з палітыкамі і пісьменнікамі.
Чатыры гады таму Хефнер узяў шлюб з мадэллю свайго часопіса Крыстал Харыс. Яна была на 60 гадоў маладзейшая за яго. Для Х’ю Хефнера гэта быў трэці шлюб.