Памёр знакаміты беларускі гітарыст Уладзімір Угольнік

Вечарам 15 снежня на 61-м годзе жыцця нечакана памёр знакаміты беларускі гітарыст Уладзімір Угольнік. Апошнія два тыдні ён лячыў сэрца ў 9-й бальніцы Мінска і яго стан не выклікаў хваляванняў. Ужо 17 снежня Уладзімір планаваў выйсці на працу. Але раптоўна ў музыкі адарваўся тромб і дактары не здолелі яго выратаваць.

“Я яшчэ не ўсвядоміў гэтую страту, гэта проста жудасна, — кажа гітарыст Генадзь Старыкаў, які разам з Уладзімірам граў у дуэце “Старик и Угол”. — Апошнім часам ён вельмі шмат працаваў. Пасля таго, як яго жонка перанесла складаны інсульт, ён пачаў працаваць за дваіх, так бы мовіць, араць. Тым не менш гэта вельмі сумная і жудасная навіна, якая пацвярджае, што музыкі на нашай тэрыторыі, на жаль, жывуць вельмі мала. Царства яму нябеснае! Гэта абсалютна жудасная навіна”.

Месца і час пахавання Уладзіміра Угольніка пакуль вызначаецца. Хутчэй за ўсё, грамадскае развітанне са знакамітым музыкам адбудзецца ў Дзяржаўным універсітэце культуры, дзе ён выкладаў.

Уладзімір Пятровіч Угольнік нарадзіўся 15 ліпеня 1953 года ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут культуры па класе гітары. Музыка працаваў з Віктарам Вуячычам, у ансамбле “Верасы”, у аркестры Беларускага цырка, у аркестрах Praha Cirk Centrum і Cyrk Peniny ў Польшчы, музычным рэдактарам мінскага тэатра “Хрыстафор”, з’яўляўся Дацэнтам кафедры эстраднага мастацтва БДУКМ, дзе выкладаў гітару. Апроч таго пісаў музыку для тэатраў, тэлебачання, радыё, фільмаў, рэкламных ролікаў. Але на пласцінках былі выдадзеныя толькі два альбомы “Дневные сны” (1998) ды “Задушевный рок-н-ролл” (2005), запісаны ў дуэце з Таццянай Канянковай. Уладзімір Угольнік з’яўляўся частым госцем разнастайных джазавых і рок-фестываляў у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Латвіі ды іншых краінах і граў сольныя канцэрты аўтарскай музыкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі