Параненых магілёўцам супрацоўнікаў ГУБАЗіК шпіталізавалі, адзін — у рэанімацыі
Аляксандр Кандрычын
Параненых магілёўцам супрацоўнікаў ГУБАЗіК шпіталізавалі. Яны атрымалі раненні "рознай ступені цяжкасці". Адзін з іх — у рэанімацыі, паведамляе прэс-служба МУС.
Здарэнне адбылося раніцай у панядзелак у Магілёве. Па версіі міліцыі, аператыўнікі ГУБАЗіК "апазналі мясцовага жыхара, датычнага да экстрэмісцкай дзейнасці". На відэа відаць, што яны былі ў цывільным. Сцвярджаецца, што сілавікі прадставіліся і нават паказалі службовыя пасведчанні. Хацелі правесці на вуліцы (!) "прафілактычную гутарку". Але мужчына аказаў супраціўленне і параніў іх нажом. Яго ў выніку затрымалі (знайшлі яшчэ адзін нож і самаробны пісталет). МУС тлумачыць, чаму супрацоўнікі ГУБАЗіК не стралялі — там было шмат людзей. Магчыма, былі і іншыя матывы. Узброенае супраціўленне сілавікам пры затрыманні — з'ява рэдкая. Не дзіўна, што ў Магілёў тэрмінова прыехаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.
Падчас ператрусу па месцы жыхарства затрыманага знайшлі патроны, халодную зброю, дапаможнік па вырабе выбуховых рэчываў, "экстрэмісцкую літаратуру" і кнігі па псіхалогіі.
Следчы камітэт паведамляе, што па факце замаху на забойства аператыўных супрацоўнікаў МУС распачата крымінальная справа ("замах на забойства двух і больш асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці"). Затрыманы — гэта 62-гадовы жыхар Магілёва Аляксандр Кандрычын. "Ён мне паказаў нейкую картку", — гаворыць ён на міліцэйскім відэа пра абставіны здарэння. Пра далейшыя свае дзеянні сказаў "так атрымалася".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.