Парашэнка афіцыйна заявіў, што гатовы абмяняць Саўчанка

Парашэнка афіцыйна заявіў, што гатовы абмяняць Саўчанка

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што гатовы скарыстацца сваім канстытуцыйным правам і абмяняць Надзею Саўчанка, каб яе жывой і здаровай вярнуць як мага хутчэй дадому. Гэтая заява прагучала падчас сумеснай прэс-канферэнцыі Парашэнкі з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам 9 сакавіка ў Анкары.

"Надзея Саўчанка — украінскі пілот, украінскі афіцэр рабіла тое, што павінен рабіць любы грамадзянін Украіны ў форме — абараняла родную зямлю, была незаконна выкрадзеная з тэрыторыі Украіны на Данбасе. Яе гвалтоўна вывезлі ў РФ, і цяпер ёй спрабуюць прыпісаць злачынствы, да якіх яна не мае ніякага дачынення. І я ўпэўнены ў тым, што праўда будзе адноўленая", — цытуе УНІАН словы Парашэнкі.

Прэзідэнт Украіны дадаў, што за амаль два гады да яго не паступала ніводнай прапановы аб абмене Надзеі Саўчанка. Парашэнка таксама заклікаў сусветных лідараў аказаць ціск на Расію і паспрыяць вызваленню Саўчанка.

Дарэчы, сама палонная лётчыца раней выступіла катэгарычна супраць абмену на каго-небудзь з расіян. На судзе яна заявіла: "Я не хачу чакаць ніякага абмену, калі абмяняюць вінаватага на невінаватага. Я невінаваты чалавек, ніякіх абменаў, ніякіх таргоў, ніякага зацягвання часу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі