Парашэнка падтрымаў увядзенне ваеннага становішча ва Украіне
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падтрымаў прапанову Ваеннага камітэта пра ўвядзенне ваеннага становішча. Нагодай стаў напад расіян на ўкраінскія караблі каля Керчанскага праліва. Заява Парашэнкі прагучала падчас пасяджэння Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, перадае hromadske.ua.
Цяпер прапанову пра ўвядзенне ваеннага становішча павінная разгледзець Вярхоўная Рада. Яе экстраннае пасяджэнне пройдзе 26 лістапада ў закрытым рэжыме.
Парашэнка падкрэсліў, што ваеннае становішча не азначае, быццам Украіна пачне наступальныя аперацыі — Узброеныя сілы будуць толькі абараняць сваю тэрыторыю. Таксама не зменіцца становішча на лініі судакранання ў Данбасе і на іншых участках. Неадкладнай мабілізацыі не плануецца — Парашэнка заклікаў быць напагатове толькі рэзервам першай чаргі.
Па словах украінскага прэзідэнта, канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян не будуць абмежаваныя. Украіна не будзе адмаўляцца ад мірнага ўрэгулявання канфлікту з Масквой у Данбасе.
Сакратар Савет нацбяспекі Аляксандр Турчынаў паведаміў, што гэтая структура прапанавала ўвесці ваеннае становішча на 60 сутак.
Як паведамляла Еўрарадыё, 25 лістапада ўкраінскія караблі і рэйдавы буксір планава выйшлі з порта Адэсы ў порт Марыупаля. Каля Керчанскага праліву расійскі карабель пратараніу украінскі буксір і пашкодзіў яго. З экіпажа ніхто не пацярпеў.
Са свайго боку Расія заявіла, быццам ўкраінскія караблі парушылі тэрытарыяльныя вады Расіі і ўвайшлі ў закрытую акваторыю. Акрамя таго, Украіна нібыта не падала заяўку на праходжанне Керчанскага праліва.