Паротнікаў: Асудзіць за ўзброенае фармаванне можна нават страйкбольную каманду
Чарговую страшылку пра “Белы легіён”, пільную “фраў А.”, якая здолела выкрыць чорную змову, што рыхтавалася пад самым носам у беларускіх спецслужб, тэрарыстаў-смяротнікаў ды іншыя жахі прадэманстраваў 12 красавіка першы канал дзяржаўнага тэлебачання. Дзеля чаго ўзнік гэты фільм, колькі ў ім праўды, а колькі прапаганды, разважае кіраўнік аналітычнага праекта Андрэй Паротнікаў.
Цалкам размову з Андрэем Паротнікавым можна паслухаць тут:
Лепшыя цытаты з размовы:
Агучванне ў СМІ сведчанняў удзельнікаў справы і тое, што новае абвінавачванне было прад’яўлена без удзелу адвакатаў, ― гэта відавочнае свавольства. Але трэба разумець, што “справа патрыётаў” не крымінальная, а выключна палітычная, і тут асноўная галіна права ― тэлефоннае.
Такую крыніцу інфармацыі як “фраў А.” варта было б захоўваць і ні ў якім разе не раскрываць. Тое, што мы бачым, нагадвае фарс і пастаноўку, якія да рэальнай працы спецслужб і барацьбы з экстрэмізмам не маюць ніякага дачынення.
Фігурантаў “справы патрыётаў”сапраўды можна пакараць па артыкуле за “стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”. А ўсё таму, што так сфармуляваны закон, што калі ёсць нейкае мілітарнае аб’яднанне людзей і пры гэтым хаця б у аднаго з іх ёсць нават легальная зброя (паляўнічая, пнеўматычная, халодная), а астатнія пра гэта ведаюць, то з пазіцыі юрыдычнай ― гэта незаконнае ўзброенае фармаванне.
Пад артыкул аб “незаконным узброеным фармаванні” можна падвесці большасць страйкбольных клубаў.
Заявы пра смяротнікаў і здзяйсненне выбухаў у метро Масквы ― гэта новае з раней вядомай інфармацыі. І гэта новае палохае. Бо дзе гарантыя, што калі акцыі пратэсту ў Беларусі працягнуцца, недзе не прагучыць выбух, пасля якога нам скажуць: “А мы ж вас папярэджвалі!”
Раней існаванне ўмоўнага “Белага легіёна” спецслужбам магло быць цікавым і карысным. Для таго, каб, да прыкладу, выкарыстаць у супрацьстаянні з “рускім мірам”.
“Прадаць” Расіі пагрозу “беларускага Майдана” не атрымаецца. Але дазволіць на пэўны час спыніць хвалю абвінавачванняў беларускага рэжыму ў русафобіі.
Страшылкамі ў дзяржСМІ і самой “справай патрыётаў” улада хоча паказаць людзям, што вакол ворагі, і таму рэпрэсіі ― гэта меншае зло з магчымых.
Абвінавачванні Польшчы і Украіны ў падтрымцы і фінансаванні тых, хто праходзіць па “справе патрыётаў”, ― гэта сведчанне расчаравання беларускіх уладаў у камунікацыі з Захадам. Не атрымалі яны тое, чаго хацелі атрымаць.
Можна з упэўненасцю сказаць, што справа да суда дойдзе. Пытанне толькі ў характары пакарання і ў памеры пакарання.