Паротнікаў: Істэрыя вакол вучэнняў “Захад-2017” штучна распальваецца Расіяй
Па заканчэнні вучэнняў “Захад-2017” расійскія ваенныя з’едуць з Беларусі і скандал вакол іх сціхне. Але Беларусь усё адно застанецца ў пройгрышы? Чаму і хто ўсё гэта арганізаваў, разважае кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
Еўрарадыё: Сайт Мінабароны паведамляе, што ў Беларусь у межах вучэнняў “Захад-2017” пачынаюць прыбываць расійскія ваенныя. Здавалася б, на фоне тых перасцярог наконт гэтых расійска-беларускіх вучэнняў, якія выказваюць нашы суседзі, ці не лепш было б прамаўчаць?
Андрэй Паротнікаў: Гэта падрыхтоўчыя мерапрыемствы, едуць падраздзяленні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Яны адпрацуюць пэўную праграму і з’едуць. Заўжды гэта паведамляецца. Бо калі б не сказалі, то пачалі б казаць, што нешта хаваюць, а значыцца, нешта рыхтуюць.
Еўрарадыё: Штогод праходзяць дзясяткі сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў рознага ўзроўню, чаму менавіта да гэтых такая ўвага?
Андрэй Паротнікаў: Інфармацыйная істэрыя вакол гэтых вучэнняў шмат у чым штучна распальваецца. Шмат хто зацікаўлены ў тым, каб гэтая істэрыя адбывалася. Такія людзі ёсць і ва Украіне, і на Захадзе, і ў самой Расіі. Я не выключаю, што гэтая істэрыя правакуецца і фінансуецца расійскім бокам. Бо такім чынам падсілкоўваецца ідэя, што беларускія ўлады абсалютна несамастойныя ў галіне бяспекі, што яны цалкам залежныя ад Масквы і будуць рабіць тое, што Масква захоча. Ну, ці, што Масква можа рабіць у Беларусі ўсё, што захоча. А ў такім выпадку, па ўсіх беларускіх пытаннях трэба размаўляць не з Мінскам, а з Масквой.
Еўрарадыё: Здаецца, за апошні час Мінск здолеў паказаць, што вядзе незалежную ад Крамля палітыку.
Андрэй Паротнікаў: Гэта вельмі непераканаўча для шмат якіх людзей на Захадзе. Да прыкладу, у Польшчы. А ёсць яшчэ і нашы літоўскія суседзі, якія прыкладваюць неймаверныя намаганні, каб прадэманстраваць, што Беларусь цалкам залежная ад Расіі, што яна несамастойная, і пры пэўных абставінах можа ўяўляць пагрозу для суседзяў. Яны на гэта кінулі ўвесь свой дыпламатычны і інфармацыйны рэсурс. Прычын для гэтага ў Літвы некалькі, але звярну ўвагу на эканамічную. Ізаляцыя Беларусі ад Захаду азначае, што яна будзе ізаляваная і ад тых транспартных і лагістычных праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі ў рэгіёне Усходняй Еўропы на грошы ЕС. Да пракладу, гэтыя праекты прадугледжваюць сувязь паміж портамі Украіны і портамі на Балтыйскім узбярэжжы Польшчы. Калі гэтыя транспартныя каналы пойдуць праз Беларусь, то ўвесь беларускі транзіт будзе пераарыентаваны з портаў Літвы на польскія порты. Менавіта транзіт дае 9% валавага ўнутранага прадукту Літвы, і большасць гэтага транзіту ― беларуская.
Еўрарадыё: Тым не менш, даволі цяжка ўявіць, што Расія “купіла”, да прыкладу, міністра абароны адной з суседніх краін, каб ён выказваў перасцярогі наконт гэтых вучэнняў.
Андрэй Паротнікаў: Гэта супадзенне інтарэсаў шэрагу гульцоў. Трэба разумець, што апроч публічных заяў міністраў, ёсць яшчэ не публічная дзейнасць лабісцкіх структур, якія атрымліваюць выгаду ад сённяшняга крызісу бяспекі ў рэгіёне. Найперш я маю на ўвазе генералітэт, якому патрэбны жупел знешняй пагрозы, каб выбіваць дадатковыя грошы з бюджэтаў. І ваенна-прамысловы комплекс, які гатовы гэтыя грошы асвоіць. Яшчэ адзін момант: генералы ― гэта людзі кансерватыўных поглядаў. І калі яшчэ не так даўно Беларусь успрымалася імі як частка расійскай ваеннай машыны, а афіцыйны Мінск рабіў усё, каб гэта пацвердзіць вярбальна і палітычна і пасля развалу СССР, то не дзіва, што вялікую ролю ва ўспрыманні Беларусі адыгрывае факт інерцыі мыслення.
Еўрарадыё: Вучэнні скончацца, расійскія ваенныя з Беларусі з’едуць ― як будуць выглядаць тыя, хто сёння ўпэўнена кажа пра пагрозу ад іх?
Андрэй Паротнікаў: Ніхто тыя іх словы потым і не ўзгадае. Мы жывем у такі інфармацыйны час, калі заўтра ніхто не ўзгадае, што было заўчора. З’ехалі, і з’ехалі ― усе забылі і супакоіліся. На гэтым акцэнтаваць увагу ніхто не будзе. Затое можа з’явіцца чарговы фэйк у нейкай малавядомай газеце пра тое, што падчас вучэнняў адпрацоўваўся удар з Калінінграда на Гродна, каб перарэзаць “сувальскі калідор” ці ядзерны удар па Вільні, Рызе альбо Варшаве. У выніку ўсе, каму гэтая істэрыя была выгадная, свае выгады ў той ці іншай ступені атрымаюць, а беларускія ўлады будуць выглядаць вельмі непрэзентабельна.
Еўрарадыё: І што афіцыйны Мінск сёння можа гэтаму супрацьпаставіць?
Андрэй Паротнікаў: Нічога. Адмена вучэнняў прывядзе да жорсткага палітычнага крызісу, які ў значнай ступені мог бы разбурыць беларуска-расійскія адносіны, ад якіх мы вельмі залежым. Таму цяпер можна зрабіць толькі адно: максімальная празрыстасць усяго мерапрыемства, каб усе, хто хоча, маглі назіраць за вучэннямі. І не толькі падчас актыўнай ды паказальнай іх часткі, але ўвесь час. Не размяшчаць расійскі ваенны кантынгент на палігонах, набліжаных да мяжы з Украінай. І абмежаваць наколькі гэта магчыма палёты расійскай авіяцыі ў беларускім небе падчас вучэнняў. Бо могуць быць правакацыі. Але ў любым выпадку гэтыя вучэнні прынясуць вялікія палітычныя і прапагандыскія страты Беларусі.