Партыя БНФ будзе дамагацца, каб у Слоніме адна з вуліц насіла імя доктара Шэгі
Слонімскія актывісты Партыі БНФ збіраюцца распачаць кампанію па зборы подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў з тым, каб дамагчыся надання адной з вуліц Слоніма імя вядомага доктара Івана Шэгі, які памёр у пачатку кастрычніка пасля працяглай хваробы. Пра гэта на пасяджэнні сойма Партыі БНФ ў Мінску паведаміў слонімскі актывіст партыі Павел Севасцян.
"Мы разумеем, што ўладам цяжка будзе прыняць такое рашэнне, але тым не менш", — цытуе яго словы БелаПАН.
Сойм даручыў управе Партыі БНФ падрыхтаваць адпаведны тэкст звароту да Слонімскага райвыканкама, а таксама аказваць усебаковую дапамогу слонімскай арганізацыі партыі на ўсім шляху рэалізацыі гэтай кампаніі.
Чалец сойма Партыі БНФ лекар-траўматолаг Іван Шэга быў спецыялістам вышэйшай катэгорыі, які адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы 30 гадоў. Улетку 2013-га яго звольнілі, як меркавалі яго аднапартыйцы, па палітычных матывах, хаця кіраўніцтва бальніцы гэта адмаўляла. Пасля звальнення заснаваў недзяржаўную установу "Шэгамедкансульт". У 2003-2007 гадах Шэга быў дэпутатам раённага савета, некалькі разоў вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Іван Шэга памёр 4 кастрычніка ў Слоніме ад цяжкага анкалагічнага захворвання. Яму было 63 гады.