Парыжскі манетны двор атрымаў 220 запытаў на замену медалёў Алімпіяды-2024

Медаль Алімпіяды-2024 у Парыжы
Парыжскі манетны двор атрымаў 220 запытаў на замену медалёў Алімпіяды-2024. Справа ў тым, што некаторыя ўзнагароды атрымаліся з дэфектам і пачалі іржавець ужо на другі месяц пасля заканчэння гульняў.
"Працэс замены працягваецца ў адпаведнасці з просьбамі спартоўцаў. Са жніўня 2024 года мы зрабілі ўсё магчымае, каб забяспечыць замену медалёў", — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
Кожны медаль Алімпіяды ў Парыжы ўключае кавалачак металу з Эйфелевай вежы. Візуальна новыя ўзнагароды не адрозніваюцца ад тых, што былі ўручаныя першапачаткова. Хаця, каб забяспечыць большую трываласць, спецыялісты манетнага двара выкарыстоўваюць дадатковы ахоўны лак.
Пакуль збракаваныя медалі складаюць 4% ад больш за 5 тысяч узнагародаў, сумарна заваяваных падчас Алімпіяды і Паралімпіяды ў Парыжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.