Пасля вызвалення Дашкевіча на паўгода пакінуць пад прэвентыўным наглядам
Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавяла жонка палітвязня Наста Дашкевіч.
Наста Дашкевіч: "У аўторак у яго адбыўся суд па ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду, які быў на яго накладзены цягам шасці месяцаў. Гэта значыць, што ён павінен быць дома з 8 вечара да 6 ранку, тры разы на месяц адзначацца ў міліцыі. Безумоўна, калі ёсць часавае абмежаванне, значыць, міліцыя будзе прыходзіць дахаты з праверкай — ёсць ён ці няма яго. Выезд за мяжу — толькі з дазволу РАУСу, дзе ён будзе прапісаны. І выезд у іншы горад — таксама толькі з дазволу міліцыі".
Лідар арганізацыі "Малады Фронт" (зарэгістраванай у Чэхіі) Зміцер Дашкевіч павінен выйсці на волю 28 жніўня.
Наста кажа, што да выхаду мужа пачала рамонт у кватэры, але наўрад ці паспее закончыць.
Нагадаем, што Дашкевіча і яго паплечніка Эдуарда Лобава арыштавалі 18 снежня 2010 года — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх звінавацілі ў збіцці двух мінчукоў і асудзілі. Затрыманне і арышт маладафронтаўцаў палітыкі і праваабаронцы ацанілі як прэвентыўную меру запалохвання перад выбарамі.