Паўла пакаралі смерцю, Андрэя ўзялі на пратэстах. 66-гадовая маці засталася адна
Тамара Сялюн і яе сыны / МВД, "Новы час"
"Я чакаю, калі мне растлумачаць: пры якіх абставінах затрыманы, што там было, чаму яго схапілі", — плача ў слухаўку Тамара Сялюн з Вілейкі. Днём 27 сакавіка яе 30-гадовага сына затрымалі каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску. Андрэй Сялюн — так завуць затрыманага — брат-блізнюк Паўла Селюна, прысуджанага да расстрэлу ў 2013 годзе.
"У суботу [27 сакавіка] прыходзіла міліцыя, правяла ператрус па ўсім доме. Нічога толкам не растлумачылі, — расказвае Тамара Еўрарадыё. — Толькі сказалі, што затрыманы ваш сын на акцыі або на мітынгу. Ведаеце, ад іх жа нічога не даб'ешся... Прыкарытнікі пад адну марку".
Ператрус праходзіў некалькі гадзін, скончыўся ў пачатку на адзінаццатую.
"Сцягі вынеслі, кнігі. Якія дакладна — не памятаю. Мабыць, тыя, якія яны палічылі занадта прагрэсіўнымі для цяперашняга часу. Знайшлі нажы. Ну так, ён ходзіць у лес, сячэ сукі, яму патрэбныя гэтыя нажы".
Мінскія міліцыянеры знайшлі ў хлопца аэразольны і сігнальны пісталеты, патроны да іх, лазерную ўказку і складны нож. Калі на тое, насіць усё гэта з сабой — не злачынства. Але мяркуючы па відэа, якое пасля затрымання знялі ў міліцыі, у МУС думаюць інакш.
Тамара Сялюн расказвае, што раней сын вучыўся ў палітэху. Атрымліваў павышаную стыпендыю, працаваў. Моцна перажываў праз тое, што здарылася з братам.
Андрэй вельмі шмат чытае, займаецца спортам, любіць прыроду, людзей і перажывае, калі з навакольнымі паступаюць несправядліва.
Ці былі ў Андрэя планы паехаць у Мінск 27 сакавіка — мама не ведае. Сам хлопец на "пакаянным відэа" расказвае, што на несанкцыянаваныя акцыі не хадзіў, а сродкі самаабароны носіць з сабой, каб абараняцца ад сабак. Дарэчы, аэразольны пісталет "Прэм'ер-4" на відэа з міліцыі — сапраўды вядомы сродак самаабароны. У Расіі яго можна купіць у інтэрнэт-крамах.
"Я хаджу на акцыі — выходзіць, таксама злачынца"
У адрозненне ад сына 66-гадовая Тамара Сялюн адкрыта кажа, што ходзіць на акцыі — "і будзе працягваць, пакуль жывая". І ўвогуле, "камусьці ж трэба адказваць, камусьці ж трэба ісці на амбразуру, каб гэта ўсё памянялася".
"У нас усе злачынцы. Я хаджу на акцыі — выходзіць, таксама злачынца, — расказвае жанчына. — Мяне вылічылі першай, прыйшлі 16 сакавіка.
Ператрэсвалі нават трусы. Радаваліся, што Паўлюкову маечку знайшлі, белую, з гербам "Пагоня" з двух бакоў. Я потым пайшла да начальніка, растлумачыла сітуацыю, майку вярнулі. Але ачмурэць можна, як жа радаваліся той маечцы! Канспекты дзяцей пераварочвалі, кнігі трэслі. Гэта жах. На зорачку працуюць.
Я толькі сказала: нічога, улада зменіцца. Як вы будзеце людзям у вочы глядзець? Як вы сваім дзецям растлумачыце, што вы, сукі, былі пры гэтай уладзе?
Хай ім будзе яшчэ лепш, чым мне! А то яны рады хапаць усіх. Рады! Нас хапаюць, за тое, што ходзім на акцыі, крычым "Жыве Беларусь!", спяваем беларускія песні, за сцягі... Гэта наш сцяг! Ніколі не думала, што за сцягі пачнуць караць, за тое, што людзі хочуць свабоды, за тое, што людзі хочуць нармальна жыць, — будуць знішчаць. Што гэта за краіна такая?!"
Суседзі клююць, дапамагчы няма каму
Тамара дагэтуль адмаўляецца верыць, што яе Пашу забілі. Цяпер яна не ўяўляе, як будзе жыць адна, калі Андрэя не адпусцяць. Жанчына на пенсіі, вясной сям'я збіралася рамантаваць дом. Па словах суразмоўніцы, дапамагчы ёй няма каму, а некаторыя суседзі проста заклёўваюць.
"Я не выжыву ў гэтай сітуацыі [Тамара ўжо не проста плача, у яе пачынаецца істэрыка. — Еўрарадыё], я не магу ні дома знаходзіцца, ні ў двары працаваць — ні-чо-га! Я ўвогуле адна! Я адна ва ўсёй акрузе! Думаю, ужо ўся Вілейка ведае! Учора стаяла на вуліцы, адзін прыйшоў, недалёка жыве, кажа: "Ну што? Перадавалі па інтэрнэце! Дык што, раз Андрэя няма, дык значыць, гэта дакладна?" Я кажу: "Чаго вы радуецеся?" Потым гляджу: ідзе па завулку і расказвае іншым, маўляў, вось гэта ў яе там сына забралі. Кажу: "Як вам не сорамна?" Уяўляеце, які жах! Я зусім адна! Вы разумееце? Быць зусім адной без падтрымкі! Гэта жах! А колькі працы! Гэта не перадаць вам, як адчуваць такое стаўленне вакол, да таго ж — стаўленне радасці".
Тамара Сялюн кажа, што сёння ёй патрэбна і маральная, і матэрыяльная, і фізічная, і юрыдычная дапамога. Яна просіць, каб з ёй звязаліся праваабаронцы (расказвае, што ў курсе ператрусаў у праваабарончых арганізацыях і вельмі за ўсіх перажывае). Працуючы ў двары, жыхарка Вілейкі не расстаецца з мабільным тэлефонам, спадзеючыся, што вось-вось хтосьці патэлефануе і раскажа, у якім стане яе сын і што ж усё-ткі здарылася з ім у Мінску 27 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.