Павел Севярынец: Сённяшняя прэс-канферэнцыя была некарэктнай

Сустаршыня БХД расказаў Еўрарадыё, што паводле папярэдняе дамоўленасці, абвясціць аб працэдуры правядзення Кангрэсу павінны былі 1 снежня.

“Сітуацыя выглядае такім чынам: сёння пяць структур падпісалі магчымую, падкрэслю – магчымую працэдуру, па якой можа прайсці Кангрэс дэмсіл. Дамовіліся, што паколькі ў нас рашэнне прымаецца па схеме кансэнсус мінус адзін, то бок шэсць подпісаў, а не пяць, будзем чакаць да 1 снежня. Пакуль спадар Лябедзька альбо спадар Калякін не прымуць рашэнне... Да гэтага часу нічога не рэалізоўваецца і не публікуецца. Тое, што шаноўныя спадары вырашылі ўсё гэта апублікаваць — я лічу не зусім карэктным”, — гаворыць Павел Севярынец у каментары Еўрарадыё.

Нагадаем, што “Пагадненне аб вылучэнні адзінага кандыдата на выбарах 2015” было прадстаўленае СМІ 17 лістапада. У нечаканай прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел Аляксей Янукевіч ад ПБНФ, Андрэй Дзмітрыеў ад “Гавары праўду”, Юрась Губарэвіч ад руху “За Свабоду” і Ірына Вештард ад СДПБ “Грамада”.

Яны паведамілі, што з Пагадненнем згодныя таксама ў БХД (ад хрысціянскіх дэмакратаў дакумент падпісаў Павел Севярынец). Чакаюцца подпісы ад “Справядлівага свету” і АГП. Калі да канца года з пунктамі пагаднення пагодзіцца хаця б адна з гэтых партый, Кангрэс па абранні адзінага кандыдата можа прайсці ўжо ў канцы сакавіка 2015 года. 

Адсутнасць на прэс-канферэнцыі Паўла Севярынца прысутныя патлумачылі яго “неадкладнымі справамі”. Цяпер Севярынец абяцае неўзабаве абмеркаваць сітуацыю з паплечнікамі па БХД.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі