ПБНФ хоча, каб МЗС запатрабавала ад Расіі тлумачэнні ў справе Сілівончыка
А таксама выкарыстала ўсе магчымыя меры для яго хутчэйшага вызвалення і вяртання на радзіму.
Партыя БНФ заклікае Міністэрства замежных спраў Беларусі запатрабаваць ад Расіі вычарпальных тлумачэнняў у справе беларускага грамадзяніна Кірыла Сілівончыка. Таксама ПБНФ хоча, каб беларускія дыпламаты выкарысталі ўсе магчымыя меры для хутчэйшага вызвалення Сілівончыка і яго вяртання на радзіму.
У заяве партыйнага сойма, якую цытуе БелаПАН, гаворыцца, што ў Расіі пануе "атмасфера шавіністычнай істэрыі і палявання на ведзьмаў". Беларускія апазіцыянеры сумняюцца, што Сілівончык атрымаў належнае права на абарону на судзе.
Нагадаем, што 22-гадовы гамяльчук Кірыл Сілівончык працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе. Маскоўскі акруговы ваенны суд асудзіў яго да двух гадоў калоніі-пасялення за антырасійскія і праўкраінскія запісы ў сацыяльнай сетцы. У прыватнасці, як паведамляецца, ён заклікаў вярнуць Крым Украіне.
23 красавіка на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык заявіў, што амбасада Беларусі ў Расіі адсочвае сітуацыю з Сілівончыкам.
На сённяшнім "Чарнобыльскім шляху" ўдзельнікі сярод іншага нясуць і расцяжку "Свабоду Кірылу Сілівончыку!"
Ці пасадзілі б у Беларусі за такі пост, які ў Расіі напісаў Сілівончык?
Беларускі “тэрарыст” Сілівончык працаваў на расійскім вайсковым заводзе
Фота — nn.by