Пенсіянерка загінула на пажары ў дзень, калі вярнулася дадому (фота)
На пажары ў вёсцы Вішнёўка Бераставіцкага раёна ўначы 11 красавіка на пажары загінула жанчына. Як паведамляе Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС, ратавальнікаў выклікала жыхарка вёскі каля 23-й гадзіны, калі заўважыла пажар. Разам з пажарнымі разлікамі да месца выкліку накіраваліся брыгада хуткай меддапамогі, спецыялісты РАУС, райгаза і электрасетак.
Палаючая хата належала 57-гадовай пенсіянерцы. Апошнія некалькі гадоў жанчына жыла ў мужчыны ў іншым доме, у свой хадзіла рэдка. Суседзі паведамілі, што жанчына паліла, злоўжывала алкаголем, стаяла на ўліку ў РАУС і ў лекара-нарколага.
Напярэдадні здарэння жанчына атрымала пенсію і вырашыла схадзіцьу сваю хаты. Яе прыяцель тым часам паехаў у госці да сястры ў суседнюю вёску. Увечары мужчына грукаўся ў зачыненыя знутры дзверы дома сяброўкі, але яму ніхто не адчыніў.
Пры пажары частка дома абрынулася. Пад завалам на калідоры ратавальнікі выявілі мёртвую гаспадыню. Мяркуецца, што яна спрабавала выбрацца з пажару, але не змагла.
Прычына пажару высвятляецца. Асноўная версія — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Вядома, што хата была адключаная ад электразабеспячэння за нявыплату. Газавага абсталявання ў доме не было, печ не прапальвалі.