Перамога апазіцыі на выбарах у Турцыі і легалайз у Германіі — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
У Францыі знайшлі рэшткі зніклага летась хлопчыка, а ў футбольнай зборнай Германіі скандал, звязаны з СС. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашай штодзённай падборцы замежных навін.
Апазіцыйная партыя ў Турцыі перамагла на мясцовых выбарах
Галоўная апазіцыйная партыя Турцыі ў нядзелю нанесла ўдар па кіраванні Рэджэпа Таіпа Эрдагана, піша The Guardian.
Яна атрымала пераканаўчую перамогу на мясцовых выбарах, захаваўшы кантроль над буйнымі гарадамі, уключаючы Анкару і Стамбул, дзе Экрэм Імамаглу дамогся другога тэрміну на пасадзе мэра.
"Мае дарагія стамбульцы, сёння вы адчынілі дзверы ў новую будучыню", — сказаў Імамаглу прыхільнікам сваёй апазіцыйнай Народна-Рэспубліканскай партыі (НРП), абвясціўшы пра перамогу.
НРП забяспечыла кантроль над шырокай тэрыторыяй заходняй Турцыі і перамагла ў больш кансерватыўных рэгіёнах побач з Чорным морам і цэнтральнай Анатоліяй — раёнах, якія традыцыйна лічыліся варожымі яе палітыцы.
"Гэтыя вынікі выбараў паказваюць, што выбаршчыкі вырашылі ўсталяваць новую палітыку ў Турцыі", — заявіў кіраўнік НРП Азгюр Азель, звяртаючыся да грамадскасці.
Дзясяткі тысяч чалавек запалілі паходні і размахвалі турэцкімі сцягамі пасля таго, як частковыя вынікі мясцовых выбараў паказалі, што падтрымка ўрада аслабла.
У Германіі дэкрыміналізавалі ўжыванне канабісу ў асабістых мэтах
Як паведамляе The Guardian, курэнне канабісу цяпер дазволенае ў Германіі асобам старэйшым за 18 гадоў.
З 1 красавіка паўналетнім у Германіі дазволілі насіць з сабой да 25 г сушанага канабісу і вырошчваць да трох раслін марыхуаны дома.
Урад заяўляе, што дэкрыміналізацыя марыхуаны ўдарыць па схаваным рынку і зменшыць распаўсюд нелегальнай марыхуаны.
Аднак ужыванне канабісу асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, па-ранейшаму будзе лічыцца незаконным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.