Перамоўшчыкі па Украіне здзейснілі прарыў, але які і куды — невядома
“Калі ёсць палітычная воля, то пытанні вырашаюцца без стварэння нейкіх дадатковых структур”, — лічаць эксперты
У сераду 6 траўня ў Мінску пасля амаль трохмесячнага перапынку збіраецца трохбаковая кантактная група па Украіне. І дае старт дзейнасці чатырох “працоўных груп па ўрэгуляванні крызісу”. Працаваць гэтыя групы будуць па чатырох кірунках: палітыка, бяспека, эканоміка і гуманітарныя пытанні.
Прадстаўнікі так званых ДНР/ЛНР імгненна заяўляюць, што гэта — прарыў. “Сёння здзейсніўся прарыў, якога мы даўно чакалі — з моманту падпісання комплексу мер 12 лютага”, — заяўляе прадстаўнік “ДНР” Дзяніс Пушылін журналістам, і расійскія СМІ масава тыражуюць і паўтараюць гэтае слова “прарыў”.
Але прарыва не заўважаюць ні беларускія, ні ўкраінскія СМІ.
Экс-прэзідэнт Леанід Кучма, прадстаўнік Украіны ў кантактнай групе, праз свайго прэс-сакратара Дар’ю Аліфер адмаўляецца ад пашыранага каментарыя.
“Паверце, для Украіны, для маёй краіны вельмі важныя гэтыя перамовы, вельмі важны мір. І кожнае слова можа паўплываць на працэс гэтых перамоў. Мы не ведаем, як яно можа паўплываць, — Перадае Дар’я словы Леаніда Кучмы ў адказ на просьбу Еўрарадыё аб невялікім інтэрв’ю. І дадае ад сябе. — Менавіта таму цяпер магчымыя толькі невялікія каментарыі па выніку асобных раундаў перамоў, асобных падзей, не больш за тое. І такі каментарый па выніку ўчорашняй сустрэчы ў Мінску Леанід Данілавіч зрабіў падчас падыходу да прэсы — нічога іншага ён пакуль сказаць проста не можа”.
Леанід Кучма
Па словах Дар’і Аліфер, гаворка ідзе пра пазітыўную ацэнку з боку Леаніда Кучмы. Бо створаныя ўзгаданыя “падгрупы”. Пытанне, што чакаюць ад гэтых груп?
На жаль, спасылаючыся на вялікую занятасць, ухіляецца ад каментарыя і прадстаўнік Украіны ў “падгрупе” па гуманітарных пытаннях, упаўнаважаная прэзідэнта па пытаннях мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе Ірына Герашчанка. Не ведае, што лічыць “мінскім” прарывам,і ўкраінскі палітолаг Юрый Раманенка.
Юрый Раманенка: "Ну, Кучма сказаў, што былі нейкія прарыўныя дамоўленасці, пра гэта ж сказалі прадстаўнікі сепаратыстаў, але пра што канкрэтна ідзе гаворка, мы ж не ведаем…”
Юрый Раманенка
Ці прарыў у тым, што былі створаныя гэтыя “падгрупы”? Ну, стварылі іх і нават заявілі, што “ў межах гэтых груп будзе вызначацца парадак дня і рэалізацыя канкрэтных задач па мірным урэгуляванні”. Але дзе гарантыі, што іх напрацоўкі будуць выконвацца лепш, чым “мінскія пагадненні”, падпісаныя 12 лютага прадстаўнікамі Украіны, АБСЕ, Расіі і сепаратыстаў?
“І гэта самае галоўнае, — пагаджаецца кіраўнік украінскага Міжнароднага цэнтра перспектыўных даследаванняў Васіль Філіпчук. — Калі ёсць палітычная воля, то пытанні вырашаюцца без стварэння нейкіх дадатковых структур. А калі такой волі няма і стараюцца сысці ад вырашэння праблем, то структуры ствараюцца. І стварэнне гэтых груп сведчыць пра не гатоўнасць некаторых удзельнікаў перамоўнага працэсу да рашэння праблем. Я вельмі баюся, што гэтыя працоўныя групы могуць паўтарыць прыклад працы па грузінскім ці па прыднястроўскім урэгуляванні”.
Васіль Філіпчук
Тым не менш, і Раманенка, і Філіпчук звяртаюць увагу на тое, што ад Украіны ў склад гэтых падгруп уваходзяць моцныя і вопытныя гульцы. Той жа Леанід Кучма называў прозьвішчы экс-прэм’ера, экс-кіраўніка СБУ і экс-міністра абароны Яўгена Марчука, які прадстаўляе Украіну ў падгрупе па пытаннях бяспекі, дырэктара Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў, пазаштатнага дарадцу прэзідэнта Уладзіміра Гарбуліна (падгрупа па палітычных пытаннях), намесніка кіраўніка Галоўнага дэпартамента па пытаннях укаранення рэформ адміністрацыі прэзідэнта Ігара Верамія (падгрупа па эканоміцы), упаўнаважанага прэзідэнта па пытаннях мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе Ірыну Герашчанка.
Прадстаўнікі Украіны ў падгрупах
Тут цікава, што падгрупы не прымаюць выніковых дакументаў — канчатковыя рашэнні па-ранейшаму мусіць прыняць трохбаковая кантактная група. Паведамляецца, што першая сустрэча адной з падгруп пройдзе 14 траўня, двух — 19 траўня і яшчэ адной — 22 траўня. Калі якія падгрупы будуць збірацца і якія праблемы спрабаваць вырашыць, не вядома.
Ну, і для інфармацыі: у групе па бяспецы Расію будзе прадстаўляць прадстаўнік Генштаба Яраслаў Маскаль, па гуманітарных пытаннях — намеснік міністра МНС Уладзімір Сцяпанаў, па палітычных пытаннях — Максім Палякоў, па эканоміцы — намеснік міністра эканамічнага развіцця Сяргей Назараў.
Фота: tut.by, з архіваў Ірыны Герашчанка, Юрыя Раманенкі, Васіля Філіпчука