Перанесці футбол і парад: СААЗ апублікавала рэкамендацыі для Беларусі
Чэмпіянат Беларусі па футболе / Reuters
На сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з'явіліся рэкамендацыі для Беларусі па барацьбе з COVID-19. Іх эксперты арганізацыі склалі па выніках місіі, якая працавала ў нашай краіне з 8 да 11 красавіка. Сярод іншага СААЗ рэкамендуе адмяніць спартыўныя і культурныя мерапрыемствы і ўвесці дыстанцыйнае навучанне.
СААЗ хваліць зробленыя ўрадам захады па стрымліванні інфекцыі: адсочванне кантактаў, ізаляцыю хворых, наяўнасць лабараторый для апрацоўкі тэстаў. Але ўсё ж адзначае, што колькасць зарэгістраваных выпадкаў інфікавання COVID-19 у Беларусі расце хуткімі тэмпамі. Арганізацыя рэкамендуе ўвесці дадатковыя мерапрыемствы "фізічнага дыстанцыянавання", якія дапамогуць запаволіць распаўсюджванне віруса. Да іх адносяцца:
— перанос масавых мерапрыемстваў, уключаючы спартыўныя, рэлігійныя і культурныя;
— каранцін для кантактаў пацыентаў з пацверджаным COVID-19;
— дыстанцыйнае навучанне ў школах, універсітэтах і іншых установах адукацыі;
— скарачэнне неабавязковага перамяшчэння людзей, асабліва тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі.
Асобна СААЗ парэкамендавала ўраду Беларусі дакладна, празрыста і рэгулярна інфармаваць грамадскасць пра рызыкі, рэкамендацыі і меры рэагавання на сітуацыю з COVID-19. Таксама ў арганізацыі лічаць важным аказанне асноўных медыка-санітарных паслуг і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі тым, хто жыве ў нястачы, найбольш уразлівым групам насельніцтва.
11 красавіка на прэс-брыфінгу ў Мінску кіраўнік місіі СААЗ Патрык О'Конар казаў, што ўлады кожнай краіны самі вырашаюць, у якой меры прытрымлівацца рэкамендацый місіі. У прыватнасці, такі быў яго адказ на адкрытае пытанне наконт таго, што ў Беларусі на 9 мая запланаваны вайсковы парад у гонар 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Беларусь адступае ад рэкамендацый СААЗ не толькі ў выпадку з парадам. У краіне ўсё яшчэ працягваецца чэмпіянат па футболе (ужо пасля таго, як місія СААЗ пакінула Беларусь, чэмпіянат стартаваў у першай і другой лігах). 20 красавіка пасля трох тыдняў канікул пачалася чацвёртая чвэрць у школах. Не ва ўсіх універсітэтах краіны студэнты перайшлі на "дыстанцыйку". Ёсць пытанні і да "празрыстага інфармавання": Мінздароўя тры дні не публікавала свежай статыстыкі па колькасці пацверджаных выпадкаў COVID-19.
Цікава, што ў сённяшняй навіне дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА пра вынікі знаходжання місіі СААЗ у Беларусі рэкамендацыя пра перанос масавых мерапрыемстваў не згадваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.