Перарабіць імпартны манітор у беларускі можна за 100 тысяч рублёў

Еўрарадыё раскрыла схему, паводле якой імпартныя маніторы становяцца беларускімі
Цяжка паверыць, але ў Мінску збіраюць аж тры маркі манітораў беларускай вытворчасці. Прычым іх "беларускасць" і выгаднасць ставіцца пад сумнеў. Не адмаўляюць гэта і самі вытворцы. Маніторы "Саміт-сістэмс" збіраюць у Беларусі, але такі самы манітор,  які быў сабраны за мяжой і прывезены да нас, каштуе на 100 тысяч танней, распавялі Еўрарадыё ў кампаніі "Саміт Тэкноладжыз":

"АОС — гэта імпартныя маніторы, а "Саміт-сістэмс" — гэта маніторы вытворчасці РБ, мы самі вытворцы. Па кошце адразу скажу, што пры аналагічных тэхнічных характарыстыках беларускія даражэй. Вытворчасць беларуская — іншыя выдаткі. Калі вязеш камплектацыю для зборкі манітораў, яе трэба растамажываць, а гатовыя імпартныя маніторы не трэба. Ну, прынамсі, да нядаўняга часу так было".

Атрымоўваецца, што калі купіць у Еўропе цэлы манітор, разабраць яго, прывезці, а потым у Беларусі сабраць, ён ужо будзе каштаваць на 100 тысяч рублёў даражэй.

Возьмем за аснову "шырокі" манітор 19 дзюймаў. Беларускі "Саміт" каштуе 560 тысяч без падатку на дадатковую вартасць (ПДВ). Маніторы збіраюцца на базе імпартных АОС, якія у той жа фірме можна набыць за 460 тысяч.

Паводле словаў вытворцаў, "Саміты" нічым не горшыя за імпартныя. Адзіны іх мінус — гэта кошт.

Беларускія маніторы "Інтэграл" таксама коштам не выдзяляюцца. Без ПДВ "дзевятнашка" каштуе 185 долараў. Пры гэтым вытворцы сцвярджаюць, што выйграюць усе тэндэры па коштах:

"Гэтыя нашыя маніторы на нашай базе — цалкам беларускай вытворчасці. Матрыц беларускіх не бывае, таму матрыцы LG і Samsung. Мы выйграваем у тэндэрах па кошце ў замежных вытворцаў, толькі коштам бярэм".

Аналагічныя LG і Samsung каштуюць 140-160 долараў.

У мінулым годзе ўвесь Белнэт абляцелі здымкі інтэгралаўскіх манітораў, на якіх відаць, што яны вырабленыя зусім не ў Беларусі, а на корпус проста наляпілі налепкі.




На заводзе гэта адмаўляюць. Кажуць, можна нават прыехаць і ацаніць маніторы:

"Беларускія. Можаце напісаць смела, што яны цалкам беларускія і нічога туды не лепіцца. А калі трэба — прыязджайце. Мы вам дамо парачку манітораў, вы іх ацэніце, паглядзіце, што там налеплена".

А яшчэ трэба ўзгадаць беларускі ноўт "Калега", самы просты варыянт якога каштуе каля 740 долараў. Гэта celeron 2500, з гігам аператыўкі. Тут і параўнанняў не трэба.

Але як ні дзіўна, айчынныя ноўтбукі і маніторы купляюць. Хто б вы думалі? Бюджэтныя арганізацыі за бюджэтныя грошы.

"Калі вы жадаеце купіць, то вы пойдзеце купіце імпартны. Таму што гэта прасцей і іх усюды валам. А тыя, хто не можа імпартны купіць, гэта часцей за ўсё за бюджэтныя сродкі, яны прыходзяць да нас".

А правайдэр інтэрнэту byfly пачаў ставіць усім абанентам мадэмы беларускай вытворчасці. Выпускае іх ужо вядомая першым беларускім мабільнікам "Прамсувязь". Высветлілася, што "Прамсувязь М101А" — гэта той самы ZXDSL 831CII ад кампаніі ZTE.

Вось здымкі абодвух мадэляў. Падабенства відавочнае.







Фота: providers.by, fordclub.by, onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі