Першы энергаблок БелАЭС зноў на рамонце
Рамонтам зоймуцца не толькі беларусы, але і расіяне (ілюстрацыйнае фота)
Першы энергаблок БелАЭС зноў на рамонце. На станцыі яго называюць "планава-папераджальным", але колькі ён будзе праводзіцца, не ўдакладняюць. Адзначаецца, што будзе зроблена "перагрузка ядзернага паліва ў рэактарнай ўстаноўцы" — адпрацаванае заменяць на свежае (у РБ яго прывезлі з Расіі ў верасні). У актыўную зону рэактара загрузяць каля 25% цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам.
Таксама анансуецца "планавае тэхнічнае абслугоўванне, дыягностыка, дэфектацыя і рамонт абсталявання і тэхналагічных сістэм, у тым ліку кантроль стану асноўнага металу і зварных злучэнняў абсталявання і трубаправодаў". Рамонтам зоймецца не толькі персанал БелАЭС, але і супрацоўнікі "беларускіх і расійскіх падрадных арганізацый".
Першы энергаблок БелАЭС увялі ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021-га, другі энергаблок — у лістападзе 2023 года. Першы "планава-папераджальны рамонт" на першым блоку АЭС адбыўся ў 2022 годзе. Тады яго адключылі на паўгода. Наступны рамонт правялі восенню 2023-га.
Такі ж "планава-папераджальны рамонт" летам-восенню 2024-га прайшоў на другім энергаблоку Беларускай АЭС. Ён працягваўся 79 дзён. Таксама была праведзена замена адпрацаванага ядзернага паліва на свежае.
Гэтай восенню ў Астравецкім раёне адпрацавалі дзеянні на выпадак не толькі радыяцыйнага забруджвання ў выніку аварыі, але і нападу "тэрарыстаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.