У Астравецкім раёне адпрацавалі дзеянні на выпадак радыяцыйнага забруджвання
Падчас вучэнняў у Астравецкім раёне
У Астравецкім раёне на працягу двух дзён адпрацоўвалі дзеянні на выпадак радыяцыйнага забруджвання. Паводле легенды вучэнняў (яны анансаваліся, каб не напалохаць людзей), на БелАЭС адбылася аварыя, у выніку якой у атмасферу трапіла радыеактыўная пара. Частку Астравецкага раёна прызналі забруджанай.
Падчас вучэнняў медыкі "прадэманстравалі арганізацыю правядзення ёднай прафілактыкі для жыхароў пацярпелых тэрыторый". Дапамогу мясцоваму насельніцтву і персаналу АЭС аказвалі радыёлагічныя брыгады абласнога цэнтра экстранай меддапамогі і раённай бальніцы. Яны "сартавалі пацярпелых" і размяшчалі іх, у тым ліку і ў намётах. Таксама адпрацоўвалася эвакуацыя пацярпелых з раённай бальніцы ў Астраўцы ў "іншыя ўстановы аховы здароўя" (відаць, у іншыя гарады). Адначасова ажыццяўляўся радыяцыйны маніторынг і кантроль за станам навакольнага асяроддзя.
Папярэдні раз у Беларусі адпрацоўвалі рэагаванне на радыяцыйную аварыю на Астравецкай АЭС у красавіку 2024-га. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.