Першы open air сезона “I NEED” аб'явіў хэдлайнераў
Цяжкія гітары і моцны танцавальны біт загучаць 24 траўня пад Мінскам.
Як і ў мінулыя гады, фестываль “I NEED” аб’яднае некалькі вечарынак у адной. Наведвальнікам прапануюць пабываць на рок-вечарыне, адарвацца пад хардкор-сцэнай, патанчыць пад драм-н-бэйс. Не абыдзецца і без DJ-сэтаў, чылаўт-зон, бараў, перфомансаў ды іншых забаваў. Галоўнай ідэяй фестывалю арганізатары называюць знаёмства гледачоў з лепшай актуальнай музыкай ды душэўную атмасферу міра і любові.
"Прыйшоў час расці, развівацца і рухацца наперад, — распавядае Еўрарадыё стваральнік і ідэйны натхняльнік фэсту “I NEED” Павел Някрасаў. — Наш фестываль — гэта перш за ўсё фестываль з душой. Мы і актуальныя гурты запрашаем, і нашу гісторыю не забываем”.
Ужо дакладна вядома, што сёлета на фэсце выступяць "Дай Дарогу!", "Куклы","ТТ-34". “Гэта музыка, якая будзе жыць вечна!” — тлумачыць такі выбар Паша. Галоўным хэдлайнерам рок-сцэны стануць піцерцы “Кирпичи”. Да таго ж, асобна будзе прадстаўленая метал-сцэна, дзе сыграюць Aspirine Rose. Іншыя ўдзельнікі пляцоўкі пакуль трымаюцца ў сакрэце. Галоўная сцэна ў начны час, як заўжды, ператворыцца ў драм-н-бэйс танцпляц. Адказнай за яе будзе паўднёваафрыканская зорка Counterstrike.
Арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце і пляцоўку, дзе адбудзецца фэст — вядуцца апошнія перамовы. Але зусім хутка мы аб’явім усе падрабязнасці фэсту — не прапусціце!