Першыя ядзерныя зарады ўжо ў Беларусі, апошнія прывязуць да канца года — Пуцін
Расійская ядзерная зброя / AP
Першыя ядзерныя зарады ўжо ў Беларусі, заявіў у пятніцу расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, працы па размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў нашай краіне збіраюцца завяршыць да канца года ("Да канца года мы гэтую працу выканаем цалкам і поўнасцю"). "Гэта як элемент менавіта стрымлівання. Каб усе, хто задумваюцца пра тое, каб нанесці нам стратэгічную паразу, не забывалі пра гэтую акалічнасць", — дадаў ён.
Тыдзень таму Пуцін сказаў, што тактычную ядзерную зброю прывязуць у РБ адразу ж пасля завяршэння падрыхтоўкі адпаведных збудаванняў для яе. А гэтыя працы збіраліся скончыць 7-8 ліпеня. Таму з недаверам была ўспрынята нядаўняя заява Аляксандра Лукашэнкі, што "ракеты і бомбы атрымалі ад Расіі", але не ўсе.
Пра тое, што ў Беларусі плануецца размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю, Уладзімір Пуцін заявіў 25 сакавіка 2023-га. Паводле яго слоў, будаўніцтва спецсховішча меркавалі скончыць да 1 ліпеня. Лукашэнка яшчэ 25 траўня казаў, што на той час пачалося перамяшчэнне ў Беларусь ядзерных боепрыпасаў. У далейшым ён працягваў гэта паўтараць. І падкрэсліваў, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта яго просьба і настойлівае патрабаванне. Ён спадзяецца з яе дапамогай захаваць сваю ўладу. Пры гэтым ён саступае больш кантролю над Беларуссю Крамлю, прычым насуперак волі беларускага народа, заявілі ў Дзярждэпартаменце ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.