Песні "Ляписа Трубецкого" застаюцца "вКонтакте"

Замест Nirvana"Мір ванны", замест Beyonce"Баюшка", а Arctic Monkeys сталі "Паўночнымі мартышкамі". На гэтым тыдні адміністрацыя "вКонтакте" пачала выдаляць музыку, залітую на серверы сацыяльнай сеткі з парушэннем аўтарскіх правоў. У адказ людзі пачалі вывешваць песні любімых артыстаў пад іншымі назвамі.
 
Ачысціць “вК” ад нелегальнага кантэнту патрабуюць Sony Music, Universal Music Group і Warner Music Group — буйныя музычныя лэйблы, якім належаць правы на творчасць артыстаў. 
"Гэта не артысты звяртаюцца, а мэйджар-лэйблы. Буйны артыст — пад буйным "мэйджарам". Яны думаюць пра прыбыткі, і меркаванне артыстаў тут другаснае, — каментуе Еўрарадыё дырэктар гурта "Ляпис Трубецкой" Яўген Калмыкоў. — Асабліва, калі, напрыклад, ідзе гаворка пра Lana Del Ray і "вКонтакте". Дэль Рэй папросту не ведае, што такое "вКонтакте".
 
Доўгі час "вКонтакте" была месцам, дзе можна лёгка знайсці і бясплатна паслухаць любую музыку. Таму карыстальнікі сацыяльнай сеткі вельмі абурыліся. У Twitter адразу выйшаў у топ хэштэг “#вернитемузыкувvk”. А найбольш вынаходлівыя пачалі пераймяноўваць сваіх любімых артыстаў. 
 
Так, Nirvana ператварылася ў "Мір ванны", Beyonce — у "Баюшку", Селена Гомес — у "Салодкага Гноміка". Lana Del Rey стала "Ваннай Без Дзвярэй", Metallica — "Мятлой", а Майкл Джексан — Міхаілам Яўгеньевым. David Guetta цяпер — дыджэй з раёна, Taylor Swift — "Таёжны Швэдар", Marron 5 — "5 чувакоў", а Pink — "Ружовы Фламінга".
 
А песні гурта "Ляпис Трубецкой" па-ранейшаму застаюцца "вКонтакте".
 
"У нас і думкі не было пра тое, каб нешта выдаляць, — працягвае Яўген Калмыкоў. — Мы ніякім мэйджарам не належым, таму мы нікуды і не звярталіся. А наша стаўленне да гэтага... "Ляпис Трубецкой" — ледзь не першая група на постсавецкай прасторы, якая пачала новыя альбомы выкідваць у інтэрнэт і, такім чынам, заахвочваць пірацтва".
 
Тым часам новыя назвы "вК" атрымліваюць і трэкі. Так, "Smells Like Teen Spirit" Nirvana ператварыліся ў "Пахне падлеткамі", а "Where Did You Sleep Last Night" у "Дзе ты быў у царстве Марфея былой ноччу".
 
Перайменаваныя такім чынам песні і трэкі таксама выдаляюцца. Але значна больш павольна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі