Песня Imagine Dragons прагучыць у Мінску па-беларуску
У кампаніі "АртІнтэр Мэнэджмент" лічаць, што "беларуская мова — адна з унікальных асаблівасцяў нашай краіны. І было б добра, каб гурт пачуў яе". Таму арганізатары заклікаюць беларусаў актывізавацца і заняцца перакладам песні амерыканцаў на мову.
Праўда, самі славутыя амерыканцы спяваць свой перакладзены твор не будуць — беларускамоўны варыянт песні "Radioactive" выканае беларускі гурт, назва якога пакуль трымаецца ў сакрэце. А прапанаваць свае пераклады могуць усе жадаючыя — іх трэба дасылаць не пазней за 20 снежня на адрас [email protected]. Пераможцу абяруць музыкі таямнічага беларускага гурта, і ён атрымае магчымасць асабіста сустрэцца з Imagine Dragons у Мінску.
У Беларусь амерыканцы завітаюць у межах свайго сусветнага турнэ ў падтрымку апошняга альбома "Smoke + Mirrors". Канцэрт адбудзецца 22 студзеня ў мінскай "Чыжоўка-Арэне".