Піневіч: акрамя Смаргоні выпадкі каранавіруса выявілі ў летніку пад Чавусамі
Хворыя на каранавірус дзеці з аздараўленчага лагера "Лясная Паляна" пад Смаргонню падзеленыя на дзве групы. Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
"Першая група — дзеці, якія маюць мінімальныя сімптомы захворвання. Яны размешчаныя ў Астравецкай ЦРБ. Другая група — дзеткі з пацверджаным каранавірусам, але без сімптомаў. Яны знаходзяцца ў цэнтры пад медназіраннем асобна ад іншых", — перадае словы чыноўніка прэс-служба Мінздароўя.
Астатнія дзеці, якія з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, таксама знаходзяцца пад пільным наглядам медработнікаў.
Напярэдадні стала вядома, што ў чатырох дзяцей пацвердзіўся індыйскі штам (вірус Дэльта) каранавіруса.
Успышка COVID-19 у аздараўленчым цэнтры "Лясная паляна" пад Смаргонню была выяўленая 12 жніўня. Паведамлялася, што захварэлі як дзеці, так і дарослыя з абслуговага персаналу. Медыкі заяўлялі, што вірус быў завезены ў летнік дзецьмі.
Па словах Піневіча, выпадкі COVID-19 былі выяўленыя таксама ў летніку ў Чавускім раёне: "У адным з летнікаў у Чавускім раёне мы выявілі спарадычныя выпадкі, якія не запатрабавалі асаблівых мерапрыемстваў". Міністр дадаў, што ўсе дзіцячыя летнікі праверылі на COVID-19/
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.