Пінскі суддзя, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў: сказалі — усім давай 15 сутак

Пінскі суддзя, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў: сказалі — усім давай 15 сутак

33-гадовы Аляксей Пацко пяць гадоў працаваў суддзёй у Пінску, але звольніўся пасля выбараў 2020-га. Ён адмовіўся караць пратэстоўцаў. Пра тое, чым гэта скончылася, мужчына расказаў у гутарцы з Радыё "Свабода".

Пацко стаў суддзёй у 2015 годзе. Па яго словах, тады была лібералізацыя і маладых людзей запрашалі на працу, каб палепшыць сістэму. "Мне тады было 28. Я меў максімалісцкія, ідэалістычныя погляды на сістэму. Што можна нешта выправіць у меру сваіх магчымасцяў. На пачатку працы была вялікая адсутнасць палітычнага складніку", — прыгадвае ён.

Пасля "дармаедскіх" акцыяў 2017 года, кажа Пацко, суддзям пачалі рабіць намёкі і раілі "падысці адказна" да гэтых спраў. "Пры такіх прыгожых фразах рабілася ясна, у чым сутнасць і накіраванасць не зместу фраз, а формы. Фармальна нібыта было парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. Памятаю, што і я разглядаў справы па ўдзельніках акцый 2017 года. Даваў штрафы", — згадвае ён.

Пасля парламенцкіх выбараў 2019 года змяніліся старшыні і ў Пінскім раённым, і ў Брэсцкім абласным судах. І на суддзяў, кажа Пацко, узмацніўся ціск. Суддзі сталі раіцца з кіраўніцтвам наконт будучых прысудаў. Пазней стала неабходна ўзгадняць з начальствам прысуды па "грамадска значных" артыкулах — карупцыя, наркотыкі, ДТЗ у стане алкагольнага апʼянення. 

Пінчук кажа, што датэрмінова на выбары ў 2020-м не хадзіў, хаця загад такі быў. Падпісацца за вылучэнне Лукашэнкі адмовіўся.

У дзень выбараў, 9 жніўня, ён быў на працы, як і кіраўніцтва суда, хаця гэта была і нядзеля. "Яшчэ да выбараў былі затрыманыя назіральнікі і актывісты. Яны былі ў ІЧУ. 10 жніўня, у панядзелак, іх трэба было судзіць. 9 жніўня міліцыянты прынеслі іх справы на праверку. Таму што ў важных справах заўсёды ёсьць пытанні аб афармленні, працэсуальных момантах. Там былі такія артыкулы, як непадпарадкаванне, няяўка па позве, дробнае хуліганства", — кажа Пацко.

Па яго словах, начальства прапанавала даць ім усім па 15 сутак, але ён адмовіўся. Тады на яго сталі ціснуць. "Пачалося: "Ну ты падумай, у цябе сям’я, дзеці, не гарачыся, супакойся". Я сказаў, што не. Таму, каб судзіць тых людзей, з адпачынку адклікалі іншых суддзяў", — успамінае пінчук.

Пінск у паслявыбарчую ноч адзначыўся жорсткім супрацьстаяннем паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі. Пазней удзельнікаў пратэстаў судзілі.

"Пра "Пінскую бойню" я ведаю ад непасрэдных удзельнікаў падзей. Калі я 10 жніўня прыйшоў на працу, то міліцыянты актыўна расказвалі, што пратэстоўцы ледзь не ўвесь аддзел міліцыі знішчылі, што шмат міліцыянтаў у рэанімацыі, а адзін нават пры смерці, што гэта былі не жыхары Пінску, а ўкраінцы, якія нелегальна перайшлі мяжу. Але ўсё гэта было няпраўдай. Усе затрыманыя былі пінскія, якія ўкраінцы? Ніхто ў рэанімацыю з міліцыі ня трапіў. Для чаго яны гэта гаварылі? Мусіць, каб апраўдаць сваю агрэсію і жорсткасць", — прызнаецца суддзя.

На 10 жніўня ў Пінску абвясцілі спецаперацыю. За два дні ў горадзе затрыамлі 120-140 чалавек, кажа суддзя. Яны сядзелі ў мясцовым ІЧУ па падазрэнні ў крымінальных артыкулах. Праз 72 гадзіны іх трэба было выпускаць ці выбраць меру стрымання. Тады затрыманых сталі судзіць па адміністрацыйных артыкулах і садзіць на "суткі". "Але калі ёсць крымінальная справа, нельга даваць адміністрацыйную", — абураецца Пацко парушэннем заканадаўства.

Суддзя згадвае, што з ім адразу перасталі кантактаваць, як толькі ён адмовіўся судзіць палітычных. Начальства правяло з ім гутарку, каб ён маўчаў. Аднак ён даў каментары TUT.by і "Нашай Ніве"

У кастрычніку Пацко звольніўся — і не змог знайсці працу: яго не бралі ні юырсконсультам на прадпрыемствы, ні ў адвакатуру. Ён уладкаваўся памочнікам да сваёй маці, якая працавала адвакаткай.

"Літаральна праз пару дзён прыйшла падатковая з праверкай. Мне прад’явілі, што я нібыта займаюся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, аказваю адвакацкія паслугі, хоць гэта было не так.

Потым КДБ пайшоў па маіх знаёмых, каб яны далі паказанні, што насамрэч не мая маці дапамагала ім як адвакат, а я. Людзі адказвалі, што нам дапамагала Тацяна Юр’еўна, а супрацоўнікі КДБ ім: "Не, вы нас не разумееце, вам дапамагаў Аляксей Васілевіч. Падумайце, у вас сям’я, дзеці", — распавядае Пацко.

Калі ён зразумеў, што на яго рыхтуюць крымінальную справу, то з'ехаў ва Украіну. Кажа, што апярэдзіў следчых, якія прыйшлі рабіць ператрус, літаральна на два дні.

Пазней за мяжу выехала і маці экс-суддзі, а праз дзень даведаліся, што і на яе пачалі крымінальную справу. Ва Украіну выехалі таксама жонка і дзеці Аляксея Пацко.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі