“Пиро-Росс”: гарантыя беларускіх салютных установак скончылася год таму

“Пиро-Росс”: гарантыя беларускіх салютных установак скончылася год таму

Гарантыйны тэрмін абслугоўвання салютных установак, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі падчас святочных феерверкаў, скончыўся у мінулым годзе. Пра гэта заявіў начальнік канструктаркага бюро №3 ТАА “Пиро-Росс” Андрэй Інкін у размове з журналістам Віктарам Малішэўскім, як апублікаваў тэкст інтэрв’ю ў сваім блогу "Антыжурналіст".

Са словаў спецыяліста, Беларусь закупіла самаходныя пускавыя ўстаноўкі 2А85 у 2008 годзе. З таго часу яны прайшлі дзве мадэрнізацыі: у 2011 годзе былі пераведзеныя на модульны прынцып уладкавання і на лічбавую сістэму кіравання, і ў тым самым годзе з’явілася бесправадная сістэма сінхранізацыі ўстаноўкі.

Тэрмін гарантыйнага абслугоўвання ўстаноўкі —  10 гадоў, пасля ёй патрэбны капрамонт або тэхабслугоўванне ў заводскіх умовах. Расіяне кажуць, што прапаноўвалі правесці такое тэхаслугоўванне, аднак беларусы ад яго адмовіліся.

Звычайна сам Андрэй Інкін прыязджаў у Мінск на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, каб кантраляваць сцэнарый феерверка, але гэтым разам давялося даслаць іншых супрацоўнікаў. Ён сцвярджае, што ў часе сваіх камандзіровак у Мінск не кранаўся снарадаў, бо ўмяшанне пабочнай асобы ў гэты працэс недапушчальнае.

Функцыя спецыяліста з “Пиро-Росс” —  узгадніць сцэнарый феерверка, у якім распісаны парадак выпуску снарадаў, а таксама выправіць дробныя хібы ў снарадах да пачатку салюта.

3 ліпеня падчас святочнага салюта з нагоды Дня Незалежнасці ў Мінску адбыўся выбух феерверкавых вырабаў. У выніку здарэння загінула адна жанчына і яшчэ 9 чалавек атрымалі раненні, двое пацярпелых застаюцца ў лякарні.

На гэтым здарэнні распачатая крымінальная справа. Затрыманыя двое расіян, якія знаходзяцца пад вартай у статусе падазраваных. Паводле версіі Следчага камітэту, падчас салюта маглі выкарыстоўвацца феерверкавыя вырабы неналежнай якасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі