Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту ўскрыў сабе жывот

Ваўкавыскі прадпрымальнік і палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які адбывае пакаранне ў гродзенскай турме №1, нанёс сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні, а менавіта — ускрыў сабе жывот. Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў папраўчай установе паведамляе праваабарончы сайт “Платформа”. Паводле яго, прычынай такога кроку стала “адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі турмы”. Намесніца старшыні “Платформы” Алёна Красоўская расказвае, што інфармацыю аб трагічным здарэнні з Мікалаем Аўтуховічам яны атрымалі ад супрацоўніка адміністрацыі гродзенскай турмы.

“У нас няма падстаў не давяраць крыніцы інфармацыі. Яна нас раней ніколі не падводзіла. Мы, вядома, стараемся максімальна праверыць усё і пераправерыць. Але афіцыйныя запыты і пытанні па тэлефоне не даюць выніку — адміністрацыя турмы ўсё адмаўляе. Гэта надзвычайнае здарэнне”.

Красоўская гаворыць, што Мікалай Аўтуховіч парэзаў сябе 4 верасня. Менавіта ў гэты дзень ён даведаўся пра новае спагнанне. На той момант вязню заставаўся ўсяго месяц да пагашэння ўсіх ранейшых парушэнняў. А новае пазбавіла яго магчымасці атрымаць пасылку і перадачу, сустрэцца са сваякамі. Паводле непацверджанай інфармацыі, прычынай спагнання стала адсутнасць Аўтуховіча 26 жніўня на сваім спальным месцы пасля адбою.

Кіраўніцтва гродзенскай турмы тым часам не адмаўляе і не пацвярджае інфармацыю пра тое, што Мікалай Аўтуховіч нанёс сабе пашкоджанні.

“Самі разумееце, што такое інтэрнэт. Хочаце, верце яму, а хочаце — не верце: ваша справа. Інтэрнэт я каментаваць не буду. Зняволены гэты знаходзіцца ў нас, адбывае пакаранне. Як і ўсе іншыя”, — гаворыць у размове з Еўрарадыё намеснік кіраўніка гродзенскай турмы №1 Алег Радзікевіч.

Былы зняволены гродзенскай турмы №1 Зміцер Дашкевіч лічыць, што да інфармацыі пра адчайны ўчынак Мікалая Аўтуховіча трэба ставіцца асцярожна. Гаворыць, што лепш мець больш дакладную інфармацыю. Былы палітзняволены дадае, што ў той сітуацыі, у якой апынуўся Аўтуховіч, вязні звычайна дзейнічаюць менш радыкальнымі метадамі.

“У такой сітуацыі звычайна можна распачаць галадоўку. Тая праблема, з якой сутыкнуўся Аўтуховіч, пра якую я чытаў, вырашаецца больш спакойна. Ускрыванне венаў, жывата — гэта самы крайні выпадак. На гэта ідуць тады, калі ёсць пагроза жыццю”.

Дарэчы, інфармацыя аб тым, што Аўтуховіч наносіць сабе пашкоджанні за кратамі, з’яўляецца не першы раз. У 2011 годзе праваабаронцы паведамлялі, што палітвязень ускрыў сабе вены ў Івацэвіцкай калоніі. Тады прычынай таксама быў пратэст супраць дзеянняў адміністрацыі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасля здарэння ў гродзенскай турме Мікалай Аўтуховіч некаторы час правёў пад наглядам медыкаў. Цяпер ён вярнуўся ў сваю камеру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі