Пнеўманію выявілі ў трох святароў са Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску
Тры святары са Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску шпіталізаваныя з пнеўманіямі. Паводле інфармацыі TUT.by, як мінімум у аднаго з іх выявілі і каранавірус.
Протаіерэй Яўген Грамыка, намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы, пацвердзіў журналістам, што тры святары з царквы Пятра і Паўла трапілі ў лякарні з пнеўманіяй. Ён не ведае, ці выявілі ў кагосьці з іх COVID-19. Аднак вядома, што святароў шпіталізавалі яшчэ да Вялікадня, таму ў святочных набажэнствах яны не ўдзельнічалі.
Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін заявіў, што яшчэ да Вялікадня кіраўніцтва царквы загадала захварэлым святарам не ўдзельнічаць у набажэнствах.
Як паведамляла Еўрарадыё, 20 красавіка з'явілася інфармацыя пра шпіталізацыю архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя — па неафіцыйных звестках, у яго выявілі каранавірус. Сёння стала вядома, што з манастыра і семінарыі ў Жыровічах у шпіталь прывезлі больш за 40 чалавек. У Мінску каранавірус выявілі ў Свята-Елісавецінскім манастыры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.