Полацкія камунальнікі запатрабавалі $1000 за прыборку пасля пікета
У Сусветны дзень барацьбы за годную працу, які адзначаецца 7 кастрычніка, сябры Свабоднага прафсаюза ў Полацку запланавалі пікет каля мясцовага кінатэатра “Радзіма”. На паўгадзінную акцыю з пяці чалавек актывісты запрасілі чыноўнікаў з райвыканкама, але тыя прыходзіць адмовіліся. Праўда, нагадалі, што арганізатарам пікету, каб не парушаць закон, трэба заключыць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі.
$1000 за права на пікет
Камунальнікі аказаліся самымі “дарагімі”. Старшыня Свабоднага прафсаюза Віктар Стукаў расказаў Еўрарадыё, што полацкая ЖКГ ацаніла сваю працу падчас акцыі ў 2 тысячы 20 рублёў.
“Апошні раз правесці акцыю нам дазвалялі ў 2010 годзе, — гаворыць Віктар Стукаў. — Звычайна нам забаранялі, і ўсё. Цяпер, каб правесці акцыю, трэба заключыць дамовы з ЖКГ, медыкамі і міліцыяй.
Мы звярнуліся да іх з прапановай нулявой аплаты, бо ніякай працы падчас пікета для службаў няма. Мы самі ўсё зробім, як і рабілі да 2010 года. Але... медыкі выставілі — 22.50 рублі, міліцыя — 76.50. А вось дзеянняў ЖКГ мы не зразумелі! За паўгадзінны пікет, дзе мусілі стаяць пяць чалавек, камунальнікі запатрабавалі 2 тысячы 20 рублёў!”
“Як сказалі, так і палічылі”
У адказе, які атрымалі актывісты Свабоднага прафсаюза, камунальнікі растлумачылі, што прыбіраць тэрыторыю пасля пікета будзе 8 чалавек на дзвюх машынах. Працу сваіх супрацоўнікаў полацкая ЖКГ клапатліва ацаніла амаль у 1000 долараў.
“Прыборка тэрыторыі, потым прывезці кантэйнеры, час працы нашай машыны МАЗ”. Усё расставілі. Як мне сказалі, так і разлічылі. Па ўсіх пытаннях лепш да кіраўніцтва”, — расказалі Еўрарадыё ў бухгалтэрыі ЖКГ.
Што праўда, ні начальніка, ні намесніка начальніка полацкай ЖКГ на месцы не аказалася.
Не дзіва, што ад правядзення акцыі 7 кастрычніка актывісты адмовіліся.
“Пікет мы перанеслі на няпэўны тэрмін, — расказвае Еўрарадыё Віктар Стукаў. — Перамовы з камунальнікамі пакінулі на будучыню.
Зразумела, што грашовае пытанне — гэта форма забароны. Першапачаткова непрымальныя ўмовы! Заплаціце! За тое, што мы рэалізуем наша права? Гэтыя службы павінны выконваць сваю працу, бо атрымліваюць заробак з бюджэту”.
Полацкі актывіст дадае, што плаціць за магчымасць правядзення мірных сходаў, якую гарантуе Канстытуцыя, Свабодны прафсаюз не будзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.