Полька пайшла ў грыбы і парушыла беларускую мяжу
Беларускія памежнікі затрымалі жыхарку Кузніцы.
Гэта адбылося на ўчастку мяжы ў раёне пераходу “Кузніца-Брузгі” 2 верасня. 62-гадовая жанчына заблукала ў лесе і зайшла ў Беларусь на адлегласць некалькіх дзясяткаў метраў, паведаміла прэс-сакратарка Падляскага аддзялення польскай памежнай службы Катажына Здановіч. За ўчыненае парушэнне яе пакаралі штрафам у 500 злотых (каля 150 долараў).
Дадому жанчына вярнулася пасля сустрэчы з памежнымі службамі абедзвюх краін, піша “Вечерний Гродно”.
Катажына Здановіч звярнула ўвагу, што кожны год восенню павялічваецца колькасць людзей, асабліва грыбнікоў, якія выпадкова пераходзяць мяжу. Гэта прытым што ў непасрэднай блізкасці ад дзяржаўнай мяжы ўстаноўленыя спецыяльныя знакі з інфармацыяй аб забароне перасячэння мяжы ў неўстаноўленых месцах і забароне знаходжання ў памежнай зоне.