Польшча цалкам спыніла транзіт расійскай нафты па нафтаправодзе "Дружба"
Польшча цалкам спыніла транзіт расійскай нафты па нафтаправодзе "Дружба" на няпэўны тэрмін, інфармуе rmf24.pl. Прычына — яе нізкая якасць, што можа прывесці да "сур'ёзнай прамысловай аварыі". Пра спыненне прыёма расійскай нафты на польска-беларускай мяжы, у пункце Адамова 24 красавіка паведаміла Міністэрства энергетыкі Польшчы: "З 19 красавіка па польскай сістэме трубаправода паступае забруджаная нафта REBCO з Расіі. Узровень забруджвання можа прывесці да фізічнага пашкоджання блокаў нафтаперапрацоўкі".
Аператар польскага ўчастка трубаправода "Дружба" кампанія PERN у сваім паведамленні адзначае, што яны атрымалі інфармацыю "ад беларускай "Гомельтранснафты" аб тым, што назіраецца павелічэнне канцэнтрацыі арганічнага хларыду ў нафце, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расіі". Пра гэта былі паінфармаваныя польскія і нямецкія нафтаперапрацоўчыя заводы. Усе яны не могуць прымаць нафту з такімі паказчыкамі. БЕЛТА змясціла на сваім сайце ліст, які PERN накіравала ў расійскую "Транснафту". Калі праблема не будзе вырашаная ў бліжэйшы час, пастаўкі нафты ў Польшчу пачнуцца праз Гданьск.
Расійскую нафту перасталі прымаць таксама Германія і Чэхія.
Як інфармавала Еўрарадыё, на мінулым тыдні "Белнафтахім" заявіў пра рэзкае пагаршэнне якасці расійскай экспартнай сумесі Urals, які паступае па нафтаправодзе "Дружба". Гэта прывяло да пашкоджання абсталявання на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Расійскі бок не змог аператыўна вырашыць гэтую праблему. Беларусь чакае кампенсацыю за нанесеныя страты.