Польшча і краіны Балтыі выступілі ў падтрымку расійскіх праваабаронцаў
Таварыства "Мемарыял" / hrdco.org
Прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі выступілі з заявай у сувязі з рэпрэсіямі расійскіх уладаў у дачыненні да праваабарончага таварыства "Мемарыял", паведамляе "Польскае радыё".
Кіраўнікі дзяржаў асудзілі спробы Крамля закрыць "Мемарыял" і выказалі сваё захапленне тым, як расійскія праваабаронцы кажуць праўду "аб нязручнай гісторыі і парушэннях правоў чалавека таталітарнымі рэжымамі".
Прэзідэнты Польшчы і краін Балтыі дамовіліся працягваць супрацоўніцтва ў барацьбе з фальсіфікацыяй гісторыі, дэзінфармацыяй і гістарычным рэвізіянізмам. У ліку сваіх першачарговых задач кіраўнікі чатырох дзяржаў назвалі клопат пра гістарычную памяць аб злачынствах таталітарных рэжымаў, адзначаецца ў заяве.
Праваабарончае таварыства "Мемарыял" з 1989 года абараняе правы чалавека ў Расіі і дакументуе сталінскія злачынствы на тэрыторыі былога СССР. Па ініцыятыве ўладаў Расіі ў чацвер у Маскве пачаўся судовы працэс па ліквідацыі арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.