Польскага консула ў Брэсце высылаюць з Беларусі
МЗС Беларусі прапанавала польскаму консулу ў Брэсце Ежы Цімафеюку пакінуць краіну. Прычынай называецца грубае парушэнне Венскай канвенцыі.
Нагодай стаў удзел польскага консула ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным "Дню праклятых салдатаў" 28 лютага ў Брэсце. У мепрапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікіоў звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый.
"Прынцыповая і паслядоўная пазіцыя беларускага боку ў дачыненні да "праклятых салдатаў" і іх тыповых прадстаўнікоў — "банды Бурага" застаецца нязменнай і неаднаразова даводзілася да польскага боку. Абсалютна непрымальныя для нас гераізацыя ваенных злачынцаў, цынічнае апраўданне генацыду беларускага народа, найгрубейшыя парушэнні абавязацельстваў польскага боку па недапушчэнні гераізацыі нацызму. Сваімі злачынствамі ў месцах кампактнага пражывання беларускай нацыянальнай меншасці "выклятыя салдаты" пад камандаваннем Рамуальда Райса паставілі сябе на адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі. Памяць пра спаленыя вёскі, сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян — святая для нашай краіны. І Беларусь, і Польшча заплацілі каласальную цану за выжыванне сваіх народаў у той страшнай вайне", — гаворыцца ў заяве МЗС.
"Праклятымі салдатамі" ў Польшчы называюць байцоў Арміі Краёвай, якія ваявалі з фашыстамі і не склалі зброю пасля прыходу камуністаў. У іх ліку быў і атрад Рамуальда Райса-Бурага, які адзначыўся спаленнем беларускіх вёсак на Беласточчыне.
Пры ўсіх злачынствах Райса называць яго ўшанаванне "гераізацыяй нацызму" ўсё ж не выпадае: Райс змагаўся ў антыфашыстоўскіх шэрагах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.