Польскага перабежчыка Эміля Чэчку пахаваюць у Беларусі
5 траўня ў Беларусі хаваюць польскага салдата Эміля Чэчку, паведамляе праўладная арганізацыя "Сістэмная праваабарона".
Гэты салдат дэзерціраваў з польскага войска падчас міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза. Ён перайшоў на беларускую тэрыторыю і заявіў, што польскія вайскоўцы ўчыняюць масавыя забойствы мігрантаў і валанцёраў.
А 17 сакавіка яго знайшлі павешаным.
Кіраўнік "Сістэмнай праваабароны" Дзмітрый Белякоў кажа, што пахаваюць Чэчку на польскіх могілках у Вілейскім раёне Мінскай вобласці.
"Родныя не выйшлі [на сувязь]. Польская амбасада адмовілася ўзаемадзейнічаць — ім быў накіраваны ліст. Звязацца з маці не ўдалося, яе лёс цяпер невядомы, будзем удакладняць інфармацыю. Пахаванне арганізоўвае наша арганізацыя", — патлумачыў Белякоў.
Па яго словах, праверка па факце смерці Эміля Чэчкі працягваецца.
Дарэчы, прадстаўнікі ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека не знайшлі на беларуска-польскай мяжы пахаванняў мігрантаў, пра якія расказваў Чэчка.
У Польшчы на Чэчку пачалі крымінальную справу за дэзерцірства, яго камандзіры былі звольненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.