Польская амбасада выдала амаль аднолькава шэнгенскіх і нацыянальных візаў

А літоўская наадварот, шэнгенаў у 5 разоў больш. І там папярэдняя чарга на два тыдні наперад. Еўрапейскае радыё даведалася, колькі візаў атрымалі беларусы, якія накіроўваюцца ў краіны, што з 1 студзеня ўвайшлі у шэнгенскую зону. Нагадаем, гэта Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Славакія, Славенія, Вугоршчына і Мальта.

З 21 снежня ў польскай амбасадзе выдалі каля 700 шэнгенскіх і каля 800 нацыянальных візаў.
У літоўскай – 1132 шэнгенскія і 246 нацыянальных.

У амбасадах заўважаюць, што колькасць выдадзеных візаў пакуль невялікая. Аднак тлумачаць па-рознаму. Прэс-сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўская тлумачыць гэта вялікай колькасцю святаў. Дарадца па консульскіх пытаннях амбасады Літвы Люда Кляймёнава звязвае гэта з праграмамі, па якіх амбасада пачала працаваць, пасля таго як краіна патрапіла у Шэнген.

Змяніўся і пералік папераў, якія трэба сабраць, каб атрымаць візу. І калі літоўцы працуюць па такой схеме яшчэ з мінулага года, то для польскай амбасады – гэта тое новаўвядзенне, якое замаруджвае падачу дакументаў.

Садкоўская: Людзі, якія звяртаюцца па візы, не ведаюць, якія дакументы ім трэба падаць.

Еўрарадыё ўжо пісала пра падрабязны пералік дакументаў для ўсіх катэгорыяў грамадзян.

Абавязковай стала страхоўка, якая ў сярэднім для мультывізы каштуе 20-40 долараў. Таксама трэба заверыць копіі пададзеных дакументаў у натарыуса.

Аднак Люда Кляймёнава гаворыць, што павышэнне коштаў не спужала беларусаў:

Кляймёнава: Нічога не змянілася. Людзі прыходзяць да нас, запісваюцца. У нас ёсць папярэдні запіс – сёння мы пішам ужо на два тыдні наперад.

Як сказалі Еўрарадыё ў амбасадзе, тэрміны атрымання нацыянальнай і шэнгенскай візы аднолькавыя. Яны робяцца каля 10 дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі