Польскія памежнікі заявілі, што беларускія калегі самі пашкодзілі герб на слупе

Польскія памежнікі заявілі, што беларускія калегі самі пашкодзілі герб на слупе

Польскія памежнікі заяўляюць, што іх беларускія калегі самі пашкодзілі герб на памежным знаку. Адпаведная заява з'явілася на сайце польскай памежнай службы.

У ёй гаворыцца, што зранку 17 студзеня польскія памежнікі звярнулі ўвагу на незвычайныя паводзіны беларускіх калег: "Каля 9:00 беларускія салдаты знялі з аднаго са сваіх памежных слупоў шчыт з выявай дзяржаўнага герба і адышлі з ім углыб тэрыторыі Беларусі. Праз некалькі гадзін беларусы вярнуліся і пачалі фатаграфаваць месца здарэння".

У другой палове дня беларускія памежнікі паведамілі палякам пра пашкоджанне герба на памежным знаку. "Польскі бок прапанаваў правесці нараду па гэтым пытанні, каб высветліць інцыдэнт. Беларусы адмовіліся, а ўвечары ў СМІ з'явілася паведамленне, якое інфармуе пра пашкоджанне беларускага памежнага знака польскім бокам", — адзначаюць польскія памежнікі.

Палякі таксама звярнулі ўвагу, што беларускіх дзяржаўных гербаў некалькі дзён няма на трох іншых памежных знаках на ўчастку каля Белавежы.

Дзеянні беларускага боку польскія памежнікі характарызуюць як правакацыю. 

Як распавядала Еўрарадыё, 17 студзеня стала вядома пра пашкоджанне памежнага знака з дзяржаўным гербам. Нібыта, ён быў абстраляны ці закіданы металічнымі шарыкамі, якія выявілі на месцы здарэння. У Беларусі пачалі крымінальную справу з гэтай нагоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі