Польскія СМІ: Беларусы славу Грунвальда ў нас не забяруць

Палякі пішуць пра Грунвальд, літоўцы пра Жальгірыс, а немцы пра Таненберг. Еўрарадыё пагартала еўрапейскую прэсу і пашукала, ці згадваюць беларусаў у сувязі са славутай бітвай?
Палякі лічаць сябе сапраўднымі пераможцамі ў славутай бітве, а літоўцам адводзяць ролю памагатых. Літоўцы ж мяркуюць, што палякі несправядліва прыпісваюць сабе асноўны гонар перамогі. Зрэдку і тыя і другія прыгадваюць, што былі яшчэ і беларусы. Гэта прытым, што ў бітве ўдзельнічалі аж 28 харугваў з сучасных беларускіх тэрыторый, а з літоўскіх – толькі 4. 

Літоўцы называюць Грунвальдскую бітву Жальгірыс, даслоўна перакладаючы на літоўскую мову назву месца. Зрэшты, некаторыя ставяцца да такога падыходу крытычна. Вось што піша Ёнас Шукіс у артыкуле "Жальгірыс, ці можа ўсё ж такі Грунвальдская бітва?":

"Гэта гістарычная падзея міжнароднага значэння, што мае дачыненне і да іншых народаў, якія ўдзельнічалі ў ёй. І яе не будуць называць Жальгірыс, бо нідзе ніхто не перакладае назвы месцаў на сваю мову. Ані "Zielony Las" , ані "Зелёная пуща" [пераклад нямецкай назвы Grunwald на польскую і расійскую мовы - заўвага Еўрарадыё]"

Як бы там ні было, імя Жальгірыс у Літве носяць многія вуліцы, плошчы, славутая баскетбольная каманда краіны. Цікава, што яшчэ сто год таму літоўскія гісторыкі (як і беларускія) бітве адводзілі сціплае месца. Важную ролю Грунвальду прыпісалі за савецкім часам.

"Савецкая прапаганда прасунула грунвальдскі сімвал ва ўсе бакі, называючы яго імем і мэблю, і алкаголь", ― піша "Летувос Рытас" па выніках інтэрвію з гісторыкам Дарыюсам Сталюнасам.

Для сучасных літоўцаў Грунвальдская бітва – сімвал барацьбы за незалежнасць, яна грае асаблівую ролю ў нацыянальным самавызначэнні. Літоўцы лічаць, што палякі забралі сабе ладную частку гонару ў перамозе. Зрэшты, палякі і не кажуць, што перамога належыць выключна ім.

"Грунвальд не быў толькі польскай перамогай. Гэта ведае кожны ад часоў пачатковай школы. Перадусім нам дапамаглі літоўцы. Але гэта толькі нашае, польскае гледзішча. Паводле нашых суседзяў, праўда іншая: гэта палякі дапамаглі літоўцам, а бітву з крыжакамі выйграў не Ягайла, а вялікі князь Вітаўт", ― піша польскі часопіс Times.

Выданне нагадвае, што на Грунвальдзе, апрача выхадцаў з Польшчы, Беларусі і Літвы, біліся і ваяры з тэрыторыі сучаснай Расіі – смаленскія і ноўгарадскія.

"На шчасце, Крэмль аб Грунвальдзе маўчыць. Змоўк таксама (і добра) урад Аляксандра Лукашэнкі, хаця з прыемнасцю прыняў прапанову аб супольным фільме з літоўцамі. Аднак Грунвальд не існуе ў свядомасці сярэдняга жыхара Беларусі, і Аляксандр Лукашэнка гэтага змяняць не будзе. Ён мае сваю ідэалогію, што абапіраецца на эпас савецкай партызнакі, а не нейкай сярэднявечнай бітвы. Можам быць спакойныя: беларусы Грунвальда ў нас не забяруць".

Польскі часопіс адзначае, што традыцыі ВКЛ шануе ў Беларусі толькі апазіцыя. Для яе нацыянальнага праекту Грунвальдская бітва – важны сімвал беларускай незалежнасці, які сведчыць, што гістарычна Беларусь – зусім не была часткай Расіі.

Нямецкі часопіс Focus Online, пішучы пра дату 15 ліпеня, беларусаў не прыгадвае ўвогуле.

"У Нямеччыне гэтая бітва вядомая пад назвай Таненберг... Трыумф польска-літоўскіх войскаў у бітве выліўся там у нацыянальныя міфы... Для Польшчы і Літвы значнасць гэтай бітвы недзе такая, як для нас бітва ў Тэўтабургскім лесе".

У 9 годзе нашай эры Тэўтабургскі лес стаў сведкам перамогі нямецкіх плямёнаў над трыма рымскімі легіёнамі, у выніку чаму Нямеччына вызвалілася з-пад улады Рымскай імперыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі